26 снежня 2024, Чацвер, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вячаслаў Пазьняк: «Працяг саступак Маскве — рэальная пагроза незалежнасьці Беларусі»

3

Усебаковы ціск з боку Масквы на Беларусь вельмі рызыкоўны. Працяг саступак у прэфэрэнцыях і продажы ўласнасьці расейскім партнэрам стварае рэальную пагрозу незалежнасьці Беларусі, зазначаюць экспэрты.

Кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў дамовіліся пра «асабістыя двухбаковыя кантакты ў найбліжэйшы чаc». Кіраўнік прэсавай службы Лукашэнкі Павал Лёгкі не стаў абвяргаць і пацьвярджаць магчымасьць такой сустрэчы ў найбліжэйшай будучыні. Тым часам, А.Лукашэнка і Дз.Мядзьведзеў сёлета сустракаліся ўжо тройчы. Чым можа быць выкліканая гэтая актывізацыя кантактаў на найвышэйшым узроўні, распавёў «Радыё Свабода» палітоляг Вячаслаў Пазьняк.

«Вынікі апошніх сустрэчаў паказваюць, што найбольш сур’ёзныя праблемы, якімі занепакоеныя абодва бакі, вырашаюцца вельмі марудна. Яны найперш тычацца эканомікі — вакол наданьня бонусаў, прэфэрэнцыяў, крэдытаў. Вядома, гэтая інтрыга завязваецца і на шэраг пытаньняў палітычнага і ваенна-палітычнага характару. Можна чакаць, што Расея будзе выразна ўздымаць пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

І можна чакаць пакетных падыходаў з боку Менску. Беларуская эканоміка, відаць, пачынае ўступаць у фазу вельмі сур’ёзнага крызісу, і тут надзея на Расею. І на заднім пляне будзе знаходзіцца новы элемэнт двухбаковых стасункаў, які пачаў турбаваць Маскву — гэта інтэнсыфікацыя дачыненьняў Менску з Брусэлем і, між іншым, пэрспэктывы ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве», - мяркуе Вячаслаў Пазьняк.

Магчыма, у зьвязку з праграмай «Усходняга партнэрства» менавіта цяпер Расея і ўзмацняе ціск на афіцыйны Менск у справе прызнаньня самаабвешчаных тэрыторый.

«Пры важнасьці таго, што давер паміж хаўрусьнікамі будуецца на выкананьні абавязаньняў — а менавіта гэтага не назіралася з абодвух бакоў — гэта магло прымусіць паставіць пытаньне рубам. Аднак прызнаньне Менскам мяцежных правінцый у геапалітычным пляне зьмяняе няшмат. Але гэта момант, які мае далікатную падаплёку ў новым трохкутніку Брусэль — Менск — Масква. Для Эўразьвязу прызнаньне Менскам гэтых тэрыторый напярэдадні саміту ў Празе можа выклікаць ускладненьне двухбаковых дачыненьняў.

Гэты трохкутнік мае вельмі напружаныя бакі ў сфэры даверу — наколькі кожны бок можа давяраць другому. Аднак, нават калі Расея вельмі жорстка паставіць гэтае пытаньне прызнаньня, ніякіх радыкальных крокаў з боку Менску да 7 траўня ня будзе. Але я вельмі сумняюся, што гэта адбудзецца і пасьля. Гэта можа адбыцца толькі пры ўмове вельмі сур’ёзнага абмену такога рашэньня Менску на эканамічныя датацыі з боку Масквы», - лічыць палітоляг.

Беларусь пазычыла ў Расеі значную суму — больш за тры мільярды даляраў. Рост такой крэдытнай запазычанасьці ня можа не пагражаць беларускай незалежнасьці.

«Усялякая запазычанасьць дзяржавы, асабліва такая, ды яшчэ яе ўзрастаньне, у пэрспэктыве будзе рызыкай, небясьпекай і пагрозай. Гэта элемэнт залежнасьці Беларусі ад Расеі. І гэты комплекс залежнасьці пачаў расьці, у тым ліку і ў пляне ваенна-палітычным. Падчас апошніх перамоваў паміж Масквой і Менскам праходзіла і тэма гандлю «фамільным срэбрам».

А гэта прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу і нават малаказаводы. Гэты ўсебаковы ціск з боку Масквы на Беларусь вельмі рызыкоўны. Працяг саступак у прэфэрэнцыях і продажы ўласнасьці расейскім партнэрам стварае рэальную пагрозу незалежнасьці Беларусі. Таму стаўкі вельмі вялікія. Тое, на што пойдзе цяпер афіцыйны Менск, будзе вызначаць дынаміку дачыненьняў на гады», - падкрэсьліў Вячаслаў Пазьняк.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках