Анатоль Лябедзька: «Звольніўшы Навумава, Лукашэнка не зменіць свой палітычны курс»
3- 6.04.2009, 15:03
Адстаўка міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава не азначае змены палітыкі беларускіх уладаў, заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Сёння Аляксандр Лукашэнка прыняў адстаўку міністра ўнутраных справаў Беларусі Уладзіміра Навумава па стане здароўя.
«Правільна, што прынялі яго адстаўку – беларускія ўлады пайшлі Уладзіміру Уладзіміравічу насустрач. Апазіцыя паўплывала на стан яго здароўя, патрабавала прыкладання столькіх высілкаў, столькіх старанняў…», - пажартаваў Анатоль Лябедзька.
«Калі ж казаць сур'ёзна, дык ўлады паступова адразаюць «хвост». Я лічу, гэтая адстаўка з'яўляецца часткай палітыкі так званай «лібералізацыі», якая сёння праводзіцца ў Беларусі. Улады не хочуць, каб такія асобы, як Уладзімір Навумаў, знаходзіліся ў цэнтры грамадскай увагі. Не хочуць, каб на іх паказвалі пальцам», - лічыць палітык.
Беларускім рэжым асцерагаецца, каб заплямленая рэпутацыя падазраванага ў гвалтоўных знікненнях Навумава не адбілася на дачыненнях прадстаўнікоў улады краіны з міжнароднай супольнасцю, лічыць лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
«Калі да Навумава збіраліся прыехаць прадстаўнікі сілавых структураў Польшчы і Літвы, гэта выклікала абурэнне міжнароднай грамадскасці – маўляў, паглядзі: сустракаюцца з датычным да забойстваў. А калі на гэтую пасаду прызначыць каго-небудзь іншага, чыя рэпутацыя не заплямленая, дык ўлады Беларусі не будуць знаходзіцца пад настолькі пільнай увагай, будуць выглядаць лепш», - адзначыў лідэр партыі АГП.
Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што гэтая адстаўка не азначае якой-небудзь перамены палітычнага курсу беларускага рэжыму.
«Я лічу, што адстаўка Навумава – гэта не змена палітычнага курсу ўладаў. Але, такім чынам, улады прыстасоўваюцца да сітуацыі, якая склалася ў адносінах з міжнароднай супольнасцю», - сказаў ён.