26 снежня 2024, Чацвер, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папа Рымскі сустрэўся з апошнім дыктатарам Еўропы і яго сынам Колем (Фота, відэа)

128

Папа Рымскі Бенедыкт XVI прыняў 27 красавіка ў Ватыкане Аляксандра Лукашэнку.

Як адзначае БелаПАН са спасылкай на «Радыё Ватыкана» , Лукашэнка прыбыў да ўваходу ў Апостальскі палац каля 11 гадзінаў раніцы па мясцовым часе (у 12 гадзінаў па менскім). Яго ў прысутнасці роты швейцарскіх гвардзейцаў прывітаў прэфект палаца разам з ганаровымі камергерамі, якія праводзілі беларускага дыктатара ў залу прыёмаў папы Бенедыкта XVI.

Лукашэнку суправаджалі міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў і амбасадар Беларусі пры Святым пасадзе Сяргей Алейнік. Паводле інфармацыі «Радыё Ватыкана», у склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць «яшчэ каля 12 чалавек».

Як перадае італьянскае выданне «Wall Street Italia» , Лукашэнка прыбыў у Ватыкан таксама са сваім пяцігадовым сынам Колем. Хлопчык уручыў пантыфіку неафіцыйны падарунак – буквар на расейскай мове.

«Нашая сустрэча зацягнулася на доўгія гады, і, нарэшце, мы сустрэліся», - сказаў Лукашэнка, абменьваючыся поціскам рукі з Пантыфікам. Затым Лукашэнка і Папа Рымскі Бенедыкт XVI перайшлі ў Папскую бібліятэку, дзе праходзіла іх сустрэча ў фармаце адзін на адзін.

Як перадае карэспандэнт агенцтва «Інтэрфакс-Захад», у канцы аўдыенцыі А.Лукашэнка прадставіў Пантыфіку чальцоў беларускай дэлегацыі. Затым беларускі дыктатар і Папа Рымскі Бенедыкт XVI абмяняліся памятнымі падарункамі. Лукашэнка падарыў Пантыфіку абраз Хрыста, зроблены з беларускіх прыродных матэрыялаў.

«Калі Вы знойдзеце час, мы сустрэнемся на беларускай зямлі. Калі на тое будзе воля Божая», - адзначыў Лукашэнка, развітваючыся з Пантыфікам у Апостальскім палацы пасля праведзенай сустрэчы.

Пасля асабістай аўдыенцыі ў папы Бенедыкта XVI Лукашэнка сустрэўся з дзяржсакратаром Ватыкана кардыналам Тарчызіа Бертонэ.

Як паведамлялася раней, запланаваныя таксама сустрэчы беларускага кіраўніка з прэм'ер-міністрам Італіі Сільвіа Берлусконі і міністрам замежных справаў краіны Франка Фраціні.

Як адзначае італьянскае інфармацыйнае агенцтва ANSA, самалёт з А.Лукашэнкам прызямліўся на вайсковым аэрадроме Чампіёна 26 красавіка ў 20.40 па мясцовым часе.

Фота - АР

Напісаць каментар 128

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках