25 снежня 2024, Серада, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мартынаў: У Беларусі няма палітвязняў, і Лукашэнка асабіста паедзе ў Прагу

33

Кіраўнік МЗС падчас візіту ў Рыгу заявіў, што беларускі дыктатар прыме ўдзел у саміце ЕЗ.

Сяргей Мартынаў сёння сустрэўся з міністрам замежных справаў Латвіі Марысам Рыексціньшам і прэм'ер-міністрам Латвіі Валдзісам Дамброўскісам.

Як перадае агенцтва France Presse (AFP) міністр замежных справаў Беларусі заявіў, што «Аляксандр Лукашэнка разам з іншымі кіраўнікамі постсавецкіх краінаў – удзельніцаў праграмы «Усходняе партнёрства» будзе прысутнічаць на саміце Еўразвяза ў Празе».

Кіраўнік беларускага знешнеэканамічнага ведамства, выступаючы ў Рызе, таксама адзначыў, што ў яго краіне «не арыштоўваюць за палітычныя перакананні».

«У Беларусі няма палітвязняў, а ёсць сябры апазіцыі, якія апынуліся за кратамі выключна за крымінальныя злачынствы», - прыводзіць словы беларускага міністра AFP.

Нагадаем, што ў лютым 2009 года былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. Іх вінавацяць у злачынствах 5-гадовай даўніны, за якія вінаватыя ўжо даўно адбываюць пакаранне.

Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў.

У цяперашні час Мікалай Аўтуховіч у знак пратэсту супраць незаконнага арышту праводзіць галадоўку ў следчым ізалятары.

Таксама беларускія ўлады ўвесь час рэпрэсуюць удзельнікаў «Працэсу 14-ці», прысуджаных да абмежавання волі. Зараз маладыя апазіцыянеры фактычна знаходзяцца пад «хатнім арыштам».

Нагадаем, што «Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

Кіраўнік МЗС Латвіі: Беларусь павінна прытрымвацца дэмакратычных прынцыпаў

Для Еўразвяза важна, каб Беларусь развівалася, была палітычна стабільнай і прытрымвалася дэмакратычных прынцыпаў. Пра гэта, як паведамляюць латвійскія СМІ, заявіў міністр замежных справаў Марыс Рыексціньш пасля сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым.

Ён адзначыў, што па пэўных прычынах у апошнія гады палітычны дыялог з Беларуссю быў замарожаны, але ў апошнія месяцы Беларусь «распачала шэраг крокаў па наладжванні дыялогу з Еўразвязам». Па словах міністра, «паляпшэнне адносінаў Беларусі з ЕЗ і Латвіяй адкрывае новыя магчымасці для супрацоўніцтва».

Прэм'ер Латвіі заклікае ўлады Беларусі адмовіцца ад дыскрымінацыі

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу латвійскага ўрада, прэм'ер-міністр Валдзіс Дамброўскіс заклікаў Беларусь пазбягаць дыскрымінацыйных мераў у адносінах да імпарту.

Дамброўскіс падкрэсліў, што гэтыя абмежавальныя меры негатыўна адбіваюцца на экспарце латвійскай прадукцыі ў Беларусь. Прэм'ер-міністр таксама выказаў занепакоенасць тым, як дэвальвацыя беларускага рубля адбілася на эканоміцы Латвіі.

Падчас сустрэчаў абмяркоўваліся «важныя тэмы двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва ў такіх галінах, як транспарт і лагістыка, энергетыка, прамысловасць і гандаль», адзначаецца ў паведамленні.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках