26 снежня 2024, Чацвер, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветны банк пакуль не дасць уладам Беларусі крэдыт

5

Канчатковае рашэнне аб даванні Беларусі пазыкі рада дырэктараў Сусветнага банка мае намер прыняць увосень.

Пра гэта паведаміў на брыфінгу ў Менску 21 красавіка дырэктар аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы СБ Марцін Райзер.

Ён нагадаў, што беларускі ўрад звярнуўся да Сусветнага банка дзеля садзейнічання ў рэалізацыі праграмы эканамічных рэформаў. "Сусветны банк мог бы падтрымаць рэалізацыю праграмы з дапамогай меркаванай пазыкі", — адзначыў Райзер.

Дырэктар рэгіянальнага аддзела паведаміў, што на працягу двух тыдняў у Менску працавала група экспертаў Сусветнага банка, якая вяла перамовы з беларускім урадам па пытанні магчымага давання пазыкі. "Дыскусія была канструктыўнай. Мы спадзяемся, што зможам узгадніць праграму эканамічных рэформаў і падтрымаць яе фінансаванне", — заявіў прадстаўнік СБ.

Між тым ён адмовіўся назваць, пра якую суму ідзе гаворка. Як паведамлялася раней, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч на прэс-канферэнцыі 28 студзеня заяўляў пра магчымае прыцягненне крэдыту Сусветнага банка ў памеры да 1 млрд. даляраў ЗША. Аднак, як адзначыў Райзер, "пакуль рана казаць пра канкрэтную суму, яна можа змяніцца". Канчатковую кропку ў гэтым пытанні паставіць рада дырэктараў Сусветнага банка.

Прадстаўнік СБ падкрэсліў, што ў выпадку станоўчага рашэння Беларусі будзе пададзеная ўся сума адразу. Пры гэтым у будучыні ён не выключыў давання яшчэ аднаго крэдыту на мэты развіцця. "Але гэта залежыць ад таго, наколькі паспяхова будзе рэалізаваная праграма эканамічных рэформаў, якую мы абмяркоўваем зараз", — адзначыў М.Райзер.

Кажучы пра змест праграмы, ён паведаміў, што дыскусія з беларускім урадам была засяроджаная на трох асноўных накірунках: паляпшэнне бізнэс-асяроддзя і лібералізацыя эканомікі, падвышэнне кіравання дзяржаўнымі рэсурсамі і абарона слабых слаёў насельніцтва ў перыяд крызісу.

Па словах Райзера, праграма не ўтрымлівае мэтавых паказчыкаў у адрозненне ад праграмы Беларусі з Міжнародным валютным фондам. Між тым, адзначыў ён, з урадам Беларусі будуць узгодненыя сярэднетэрміновыя паказчыкі развіцця эканомікі. "Гэта дазволіць адсочваць эфектыўнасць рэалізацыі праграмы", — адзначыў прадстаўнік СБ.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках