24 лiстапада 2024, Нядзеля, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандр Казулін заклікаюць Эўразвяз не запрашаць Лукашэнку ў Прагу

5

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін выступілі з сумесным зваротам да Эўразьвязу і эўрапейскіх палітыкаў.

«Мы вітаем добрую волю Эўразьвязу, накіраваную на падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі. Разам з тым, у сувязі з інаўгурацыйным самітам праграмы «Усходняе партнэрства», які плянуе правесьці Эўразьвяз у Празе 7-га траўня гэтага году, мы мусім заявіць, што пэўная канцэптуальная неакрэсьленасьць гэтай добрай і ўзаемавыгаднай праграмы ў дачыненьні да дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі прывядзе да вельмі нэгатыўных вынікаў», – цытуе зварот «Радыё Свабода».

«Запрашэньне кіраўніка ўлады А.Лукашэнкі на саміт у Прагу аўтары звароту называюць «знакавым дзеяньнем», якое, фактычна, легітымізуе дыктатуру, скасуе незаконнасьць яе ўлады і прынятых антыпраўных рашэньняў. Вынікам запрашэньня А.Лукашэнкі ў Прагу стане ўзмацненьне рэпрэсіяў і этнацыду беларусаў, ціску на народ, перасьледу па палітычных прычынах за іншадумства», - папярэджваюць дэмакратычныя палітыкі.

«Мы ведаем становішча ў нашым грамадзтве, узровень думаньня і матывы паводзінаў А. Лукашэнкі. Нягледзячы на міжусобныя супярэчнасьці зь некаторымі сваімі саюзьнікамі, рэжым Лукашэнкі праводзіць зь імі ўзгодненую палітыку, у тым ліку і ў падыходзе да «Усходняга партнэрства». Нявызначанасьць палітычных крытэрыяў з боку Эўразьвязу задавальняе антыбеларускі рэжым А.Лукашэнкі і яго саюзьнікаў, але супярэчыць інтарэсам Беларусі», - падкрэсьліваюць Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін.

У сумесным звароце гаворыцца, што «аморфнасьць крытэрыяў у дачыненьні да антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ставіць пад пагрозу нацыянальнае, гуманістычнае і дэмакратычнае разьвіцьцё беларускага грамадзтва. Пасьля новых арыштаў у Беларусі па палітычных прычынах, пасьля дэманстратыўных зрываў візыту эўракамісара па зьнешніх сувязях і палітыкі добрасуседзтва, ёсьць дастаткова аргумэнтаў, каб не запрашаць Лукашэнку на саміт».

«У нас, падпісантаў гэтага звароту, розныя партыйныя пазыцыі і розныя погляды на палітыку, але пагроза Незалежнасьці нашай краіны і нашай грамадзянскай супольнасьці, якая ўзьнікае ў сувязі з аднабокімі дзеяньнямі ў дачыненьні да рэжыму на Беларусі, змушаюць нас гаварыць цяпер разам і адным голасам: Лукашэнка не павінен быць запрошаны ў Прагу. Мы спадзяемся на падтрымку гэтага звароту з боку нашых балтыйскіх і заходніх суседзяў і прыхільнікаў адказнай палітыкі», – зазначаюць аўтары звароту да Эўразьвязу.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках