2 лiстапада 2024, Субота, 0:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казулін: Адмена візіту Ферэра-Вальднер – яскравы прыклад, у якім напрамку ідзе «дыялог»

2

Экс-кандыдат у прэзідэнты лічыць, што адмена візіту ў Менск еўракамісара Беніты Ферэра-Вальднер сведчыць аб тым, што дыялог ЕЗ з Беларуссю павінен весціся на «маральным узроўні».

Начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў паведаміў, што вызначаны раней на красавік візіт у Беларусь камісара Еўразвяза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніты Ферэра-Вальднер у чарговы раз адкладаецца, нагадвае Euramost.org .

«Зараз бакі працуюць над новымі датамі візіту Ферэра-Вальднер у Беларусь», - адзначыў Папоў на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Як раней паведамлялася, першапачаткова Ферэра-Вальднер планавала наведаць Беларусь 12-13 сакавіка, аднак за некалькі дзён да прыезду камісара было заяўлена, што візіт адкладзены да сярэдзіны красавіка.

Тады яго адклалі «па тэхнічных прычынах» – Лукашэнка менавіта на дні візіту еўракамісара «выпадкова» з'ехаў катацца на лыжах спачатку ў Сербію, потым у Арменію. Па меркаванні экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, чарговы прыезд еўракамісара мог быць адкладзены па прычыне невыканання беларускімі ўладамі абавязанняў у пытанні захавання правоў і свабод чалавека.

– Не так даўно вы разам з Анатолем Лябедзькай сустракаліся з еўракамісарам. Магчыма, з той размовы можна зрабіць нейкія высновы аб тым, што магло стаць прычынай чарговага пераносу яе візіту ў Беларусь?

– Зразумела, што Беніта Ферэра-Вальднер падчас свайго візіту і сустрэч з кіраўніцтвам нашай краіны будзе ставіць пытанні аб захаванні правоў чалавека. А аб правах чалавека ў нашай краіне казаць пакуль не прынята. Натуральна, узнікае вялікая дылема - у якой скіраванасці ідзе дыялог? Ці тое дыялог у напрамку каштоўнаснага падыходу, рэалізацыі сапраўдных правоў і свабод грамадзян, альбо, усё ж такі, гэта ідзе прагматычны гандаль. Рашэнне аб тым, каб Беніта Ферэра-Вальднер яшчэ адзін раз адклала свой візіт - яшчэ адна вельмі яскравая дэкларацыя аб тым, у якім напрамку ідзе дыялог.

– Судзячы па ўсім, Еўразвяз вельмі моцна наладжаны на тое, каб Беларусь прыняла ўдзел у праграме «Ўсходняга партнёрства». Падобна нават на тое, што Еўразвяз вырашыў адмовіцца ад прынцыповых дэмакратычных каштоўнасцяў дзеля ўдзелу нашай краіны ў гэтай праграме. У вас такога ўражання не склалася?

– Сёння гаворка ідзе аб тым, што будзе верхавенстваваць, на якіх фундаментальных асновах будуецца агульнаеўрапейскі дом. Таму ў дадзеным выпадку размова ідзе нават не аб Беларусі - гаворка ідзе аб самой Еўропе.

– Гэта значыць, калі Еўразвяз дасць паслабленне ў гэтым стаўленні Беларусі дзеля ейнага ўдзелу ў праграме «Ўсходняга партнёрства», то можна казаць аб тым, што і ва ўсім Еўразвязе такія нормы, як свабода слова, правы чалавека і гэтак далей могуць апынуцца пад пагрозай?

– Вядома. Мы жа заўсёды глядзім па наступствах. І яшчэ – ці ёсць прычыны, якія дазваляюць весці сур'ёзны гандаль і гандаль закулісны? Гэта вялікае пытанне, на якое мы ўсё павінныя пачуць адказ. Але рэзалюцыя Еўрапарламента, прынятая нядаўна, сведчыць аб зваротным, аб тым, што гэтая тэма набыла адценне сур'ёзнай дыскусіі. І дыскусіі менавіта на маральным узроўні.

– Ствараецца ўражанне, што шматлікія еўрапейскія краіны схіляюцца ў бакі прыняцця той жа палітычнай пазіцыі, на якой стаіць Германія - так званай «рэал палітык», рэальнай палітыкі. Не ці стане, на ваш погляд, пераважаць такая пазіцыя ва ўсім Еўразвязе?

– Але ёсць жа і іншыя краіны. Напрыклад, Галандыя, якая стаіць на цвёрдых маральных асновах. Сёння вялікая колькасць людзей і ў Еўропе, і ў свеце ўсведамляюць, што адной з прычын эканамічнага крызісу з'яўляецца дэвальвацыя маральных каштоўнасцяў. І што калі мы і далей будзем таптаць гэтыя маральныя каштоўнасці, духоўныя асновы, то свет можа проста абваліцца. Еўропа можа разбурыць падставу свайго ўласнага дома, вырашаючы пытанні такімі метадамі і такімі шляхамі.

– Да Пражскага саміту засталося не так шмат часу. Рашэнне аб тым, ці запрашаць Лукашэнку або кагосьці з ягонага асяроддзя ў Прагу дагэтуль не прынятае. Як вы лічыце, у які бок могуць схіліцца шалі?

– Не ведаю. Але заўсёды ёсць пазіцыя маральная і пазіцыя амаральная. Я думаю, што гэта галоўнае пытанне, на якое мы хутка атрымаем адказ.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках