24 лiстапада 2024, Нядзеля, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Салігорску развіталіся з Янай Паляковай (Фота)

23

У Салігорску прайшло пахаванне праваабаронцы Яны Паляковай, якая 7 сакавіка скончыла жыццё самагубствам.

Як распавяла прэс-цэнтру Хартыі’97 супрацоўніца Цэнтра па правах чалавека Раіса Міхайлоўская, пахаванне пачалося са спазненнем - цела затрымалі ў моргу.

Паводле словаў Раісы Міхайлоўскай, у пахавальнай працэсіі удзельнічалі каля 200 чалавек. Сярод іх – суседзі загінулай, жыхары Салігорска, праваабаронцы з Маладзечна і Менска. Таксама на пахаванні Яны Паляковай прыехалі: лідэр менскіх прадпрымальнікаў Алесь Макаеў, дэмакратычныя актывісты Вячаслаў і Галіна Сіўчыкі, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, праваабаронца Валеры Шчукін, дачка былога палітвязня Вольга Казуліна і іншыя. Як паведамляюць жыхары Салігорска, на пахаванні быў заўважаны намеснік старшыні Салігорскага райвыканкама па ідэалагічнай працы Казакевіч.

«Прыйшлі простыя людзі са сціплымі вянкамі і букетамі, -- сказала прэс-цэнтру Хартыі’97 Раіса Міхайлоўская. -- Яны казалі, што ў смерці Яны вінаватыя беларускія ўлады. Мама Яны Паляковай забітая горам. Сядзела каля труны, плакала».

«Яна – баец, -- сказаў падчас пахаванняў праваабаронца Валеры Шчукін. -- Яна, як самотны ваяр, кінулася ратаваць свой народ».

Сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі ў сваю чаргу падкрэсліў, што беларускія дэмакраты павінны прыкласці ўсе высілкі, каб даведацца, хто давёў Яну Палякову да самагубства, і знайсці вінаватых.

Шматлікія прысутныя на пахаванні Яны Паляковай прасілі прабачэння, што не падтрымалі яе ў цяжкую хвіліну.

Нагадаем, што салігорская праваабаронца Яна Палякова, асуджаная Салігорскім судом, скончыла жыццё самагубствам у ноч на 7 сакавіка.

Яна з'яўлялася актывісткай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву», супрацоўнічала з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, уваходзіла ў склад ініцыятыўнай групы дачкі Аляксандра Казуліна Вольгі на «парламенцкіх выбарах» 2008 года.

3 сакавіка судом Салігорскага раёна (суддзя Бураўцоў) праваабаронцу асудзілі па частцы 2 артыкула 400 Крымінальнага кодэкса РБ - «Загадзя ілжывы данос». Яну Палякову прысудзілі да 2 гадоў і 6-ці месяцаў абмежавання волі (так званай «хіміі»), а таксама запатрабавалі пакрыць «маральную шкоду» у памеры аднаго мільёна рублёў на карысць пацярпелага ўчастковага міліцыі Пугачова В.А., які нядаўна выйшаў на пенсію. А усё таму, што менавіта гэтага міліцыянта Палякова абвінавачвала ў збіваннях. У лістападзе мінулага года вялікі рэзананс атрымала гісторыя з пераследам салігорскай праваабаронцы з боку праваахоўных органаў. Яна Палякова паведамляла, што за апазіцыйную дзейнасць яе неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі. Таксама паведамлялася, што ў аддзяленні жанчыну збівалі, а аднойчы ёй ледзь не зламалі руку.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках