Спынім палітычныя рэпрэсіі!
29- 9.03.2009, 11:02
Правесці 12 сакавіка, у 18.00 на Кастрычніцкай плошчы акцыю з патрабаваннем вызвалення палітзняволеных заклікалі лідэры моладзевага руху Беларусі.
З ініцыятывай правядзення 12 сакавіка акцыі выступілі лідэр кампаніі “Джынс за Свабоду” Яўген Афнагель і лідэр “Маладога Фронта” Зміцер Дашкевіч.
Прыводзім тэкст звароту:
“13 кастрычніка мінулага года Рада Еўрапейскага Звяза прыпыніла візавыя санкцыі ў адносінах беларускіх уладаў і прыняла рашэнне аб аднаўленні палітычных кантактаў з афіцыйным Менскам. Былі вызначаныя ўмовы, пры выкананні якіх магчымае супрацоўніцтва паміж ЕЗ і Беларуссю. Гэта, упершую чаргу, адсутнасць палітвязняў, дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, свабода слова і свабода сходаў.
Мінула пяць месяцаў з моманту прыняцця гэтага рашэння і мы бачым, што сітуацыя не мяняецца. Ніводнае з патрабаванняў ЕЗ не выкананае.
Рэпрэсіі супраць апазіцыі не спыніліся, а, наадварот, толькі узмацніліся. Улады жорстка разганяюць мірныя вулічныя акцыі, збіваюць, арыштоўваюць і караюць вялізнымі штрафамі за ўдзел у іх.
У Беларусі па ранейшаму застаюцца палітычныя вязні. Гэта Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка, Арцём Дубскі. Пад пагрозай зняволення знаходзяцца таксама маладыя людзі, якія адбываюць пакаранне за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў у мінулым годзе, - Максім Дашук, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Аляксандр Баразенка, Павел Вінаградаў, Міхаіл Субач, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Алесь Стральцоў.
Апазіцыя не мае доступу да дзяржаўных СМІ, а большасць незалежных газет да гэтага часу не маюць магчымасці друкавацца і распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.
12 сакавіка ў Мінск прыязджае камісар па знешніх сувязях і палітыцы суседства ЕС Беніта Ферэра-Вальднер. Мэта гэтага візіту - пераканацца ў тым, што ў Беларусі адбываюцца перамены.
Але сітуацыя не зменіцца ад кулуарных перамоваў з дыктатарам. Сапраўдныя перамены ў Беларусі залежаць у першую чаргу ад нас, ад грамадзян Беларусі, ад нашай салідарнасці.
Мы заклікаем у гэты дзень, 12 сакавіка, а 18 гадзіне выйсці на плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую) з партрэтамі палітвязняў, каб яшчэ раз запатрабаваць ад беларускіх уладаў спынення палітычных рэпрэсіяў, сапраўднай лібералізацыі і выканання ўмоваў Еўрапейскага Звяза. Мы заклікаем усе дэмакратычныя арганізацыі далучыцца да гэтай акцыі. Толькі разам мы можам дамагчыся выканання нашых патрабаванняў!
На акцыю мы таксама запрашаем спадарыню Беніту Ферэра-Вальднер, каб асабіста пераканацца ў тых “дэмакратычнх пераўтварэннях”, якія быццам бы маюць месца ў Беларусі.
12 САКАВІКА, 18.00, МЕНСК, ПЛОШЧА КАЛІНОЎСКАГА (КАСТРЫЧНІЦКАЯ).
СВАБОДУ ПАЛІТВЯЗНЯМ! СПЫНІЦЬ ПАЛІТЫЧНЫЯ РЭПРЭСІІ!
Яўген Афнагель ("Джынс за свабоду!")
Зміцер Дашкевіч ("Малады Фронт")