24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анджэй Пачобут: Улады не хочуць, каб у прэсе з'яўлялася інфармацыя пра палітвязняў

Аляксандр Лукашэнка хоча палепшыць адносіны з Захадам, але не хоча нічога змяняць у краіне, лічыць карэспандэнт «Gazety Wyborczej» Анджэй Пачобут.

Пра гэта журналіст заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97, каментуючы той факт, што Міністэрства замежных справаў Беларусі пазбавіла яго акрэдытацыі.

«Мне далі акрэдытацыю чатыры месяцы таму – гэта было якраз у той час, калі Лукашэнка спрабаваў паказаць Захаду так званую «палітыку лібералізацыі» у краіне. Тое, што мы бачым зараз – гэта арышты прадпрымальнікаў Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі, пераследы маладых людзей па «справе 14-ці», разгоны АМАПам мірных акцыяў 14 і 16 лютага, правакацыі супраць кіраўніцтва незалежнага Саюза палякаў Беларусі. На гэтым фоне пазбаўленне мяне акрэдытацыі відавочна паказвае: Лукашэнка хоча палепшыць адносіны з Захадам, але не хоча нічога змяняць у краіне», - адзначыў ён.

У сваіх артыкулах Анджэй Пачобут распавядаў пра палітвязняў, прымусовай дактыласкапіі насельніцтва, дэпартацыі польскіх святароў і дыялогу Лукашэнкі з Захадам. Менавіта гэтая інфармацыя не спадабалася Міністэрству замежных справаў РБ.

«Лукашэнка заяўляў, што «хоча размаўляць з Еўразвязам без пасярэднікаў». Пасярэднікамі, відаць, ён лічыць беларускіх грамадзянаў, якія дамагаюцца захавання сваіх правоў. У адным з маіх артыкулаў, да якіх міністэрства ўнутраных справаў мае прэтэнзіі, я якраз пісаў пра палітвязня Мікалая Аўтуховіча, пра тое, чаму на самой справе яго пераследуюць. Вядома, улады не хочуць, каб у прэсе з'яўлялася такая інфармацыя, у Беларусі імкнуцца задушыць свабоду слова», - падкрэсліў Анджэй Пачобут.

Карэспандэнт «Gazety Wyborczej» адзначыў, што ён будзе працягваць сваю дзейнасць і пасля пазбаўлення акрэдытацыі.

«Наколькі мне вядома, гэта першы такі выпадак пасля прыняцця новага закона аб СМІ. Паглядзім, што будзе далей. Пазбаўляючы журналістаў акрэдытацыі, улады разлічваюць, што тыя спыняць сваю працу. Але гэтага не адбудзецца - я буду працягваць працаваць і без акрэдытацыі», - заявіў Анджэй Пачобут.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках