28 снежня 2024, Субота, 6:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень Волі

51

25 сакавіка спаўняецца 91 год са дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Афіцыйна гэтая дата ў Беларусі не адзначаецца, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.

Святочныя акцыі па гэтым выпадку пройдуць у Беларусі і за мяжой.

У Менску сёння плануюцца шэсце і мітынг. Збор удзельнікаў акцыі вызначаны на 18.00 каля будынку прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук і дазволены Менгарвыканкамам.

Маршрут шэсця пакуль не вызначаны. Арганізатары планавалі прайсці ад Акадэміі навук на Кастрычніцкую плошчу па праспекце Незалежнасці. Аднак гарадскія ўлады не санкцыянавалі гэты маршрут, прапанаваўшы наўзамен вуліцы Сурганава і плошчу Бангалор.

У выніку вырашана, што пытанне аб маршруце шэсця будзе вырашанае самімі ўдзельнікамі. "Людзі, якія прыйдуць на акцыю, — не падпарадкаваныя арганізатараў. Яны не паслухаюць каманд "направа, налева, кругом, крокам руш". Таму мы на месцы збору параімся з людзьмі аб фармаце правядзення гэтай акцыі", — заявіў журналістам 19 сакавіка адзін з заяўнікоў акцыі, намстаршыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Прадстаўнікі апазіцыі заклікалі сілавыя структуры не рыхтаваць правакацыі супраць удзельнікаў мірнай акцыі.

Прадстаўнікі еўраструктур заявілі, што маюць намер сачыць за падзеямі ў Менску 25 сакавіка і выказалі надзею на тое, што ўлады Беларусі ўстрымаюцца ад затрыманняў удзельнікаў акцыі.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Менску. Упершыню ідэя стварэння БНР прагучала на Ўсебеларускім з'ездзе 1917 года. Пасля зрыву мірных перамоваў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Менск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і выканаўчага камітэта Рады Ўсебеларускага з'езду абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання ўстаноўчага сойма. 21 лютага 1918 года Выканкам Рады стварыў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкай.

Урад БНР прыкладаў нямала высілкаў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Менску нацыянальнага ўніверсітэта. Быў уведзены пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак у сілу складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна апынулася неабароненай перад бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У выніку ў снежні 1918 года ўрад БНР вымушаны быў пераехаць у Вільню, пасля ў Гародню. 1 студзеня 1919 года бальшавікі абвясцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе СССР.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках