26 снежня 2024, Чацвер, 19:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі дыктатар сустрэўся з прэзідэнтам непрызнанай Абхазіі

24
Беларускі дыктатар сустрэўся з прэзідэнтам непрызнанай Абхазіі

Падчас працоўнага візіту ў Сочы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Абхазіі Сяргеем Багапшам і заявіў аб гатовасці «шчыльна працаваць» з гэтай непрызнанай рэспублікай.

Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Як адзначылі ў прэс-службе, беларускі кіраўнік выказаў гатовасць дапамагчы Абхазіі вырашыць рэгіянальныя праблемы.

«Пасля здабыцця незалежнасці заўсёды справаў дадаецца. Мы будзем радыя, што з удзелам Беларусі атрымаецца вырашыць больш праблем, якія існуюць у гэтым рэгіёне», - сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да Сяргея Багапша.

У сваю чаргу прэзідэнт Абхазіі заявіў, што гатовы «з Беларуссю шчыльна працаваць у эканамічным плане». Ён паведаміў, што сёлета Абхазію цікавіць магчымасць набыцця буйной партыі аўтамабіляў МАЗ.

«Мы гатовыя іх купіць на адзін мільярд расейскіх рублёў. Сёння мы можам гэта сабе дазволіць. Мы будзем працаваць з Беларуссю. Нам гэта зручна, і гэта - якасная тэхніка», - сказаў прэзідэнт непрызнанай рэспублікі.

Лукашэнка і Багапш абмяняліся меркаваннямі па пытаннях развіцця турызму, дзіцячага адпачынку, а таксама аб наладжванні супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі.

Нагадаем, што пакуль незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі прызналі толькі Расея і Нікарагуа. Аб падтрымцы Расеі ў пытанні прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі заяўлялі прадстаўнікі шэрагу краін, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, аднак ні адна з іх афіцыйна не падтрымала незалежнасць рэспублік.

Беларуская «палатка» мае намер разгледзець пытанне прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі 2 красавіка.

Еўрапейскі звяз не раз заяўляў, што рашэнне аб развіцці дыялогу паміж Еўропай і афіцыйным Менскам будзе залежыць, у прыватнасці, ад таго, як беларускія ўлады паставяцца да пытання прызнання «краін», размешчаных на грузінскай тэрыторыі.

У сваю чаргу, у канцы студзеня 2009 года кіраўнік Паўднёвай Асеціі Эдуард Какойты заявіў «Комсомольской правде»:

«Лукашэнка кажа: я сваё слова стрымаю, абавязкова хуткім часам будзе прызнанне. Мы на пахаваннях Алексія II нефармальна сустракаліся: я, Багапш і Лукашэнка».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках