24 лiстапада 2024, Нядзеля, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Сідарэвіч: «Нават бальшавікі лічыліся з БНР»

4

Напярэдадні Дня Воля беларускія гісторыкі расказваюць, якую ролю адыграла БНР у станаўленні беларускага грамадства.

Гісторык і даследчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч распавеў «Ёўрарадыё» пра тое, хто стварыў беларускую дыпламатыю, чаму ў Маскве дзівіліся наяўнасці белага хлеба ў сталіцы БНР і як святкавалі 25 сакавіка ў СССР.

БНР стварыла беларускую дыпламатыю

– Гэта праўда, што паўнамоцтвы ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі прызнавалі нават бальшавікі?

– Так, бальшавікі лічылі яе спраўднай дзяржавай. У рашэнні свайго цэнтральнага камітэта яны неяк пісалі, што «трэба дамагчыся, каб паўнамоцтвы ўрада БНР былі перададзеныя ўраду БССР». Значыць бальшавікі прызнавалі за ўрадам БНР паўнамоцтвы.

На якія структуры ў рэгіёнах Беларусі абапіралася БНР?

– БНР абапіралася на беларускія рады, якія працавалі ў Магілёве, Гродне, Ваўкавыску, іншых гарадах. Вельмі знакамітая Слуцкая рада, якая ў 1920-м падняла антыбальшавіцкае паўстанне. Гэта былі сялянскія і работніцкія рады. А вось у Койданаве рада нават абвесціла незалежную рэспубліку.

Цяпер можна пачуць, калі беларускія чыноўнікі ці нават і афіцыйныя даследчыкі кажуць, што БНР не дамаглася ніякіх вынікаў. Якія ж сапраўды былі дасягненні органаў улады БНР?

– Адно з іх – БНР стварыла беларускую дыпламатыю!

Анатоль Сідарэвіч паказвае кнігу, што ляжыць на ягоным стале — «Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў. 1914 — 1991 год».

– Выйшаў першы том пад рэдакцыяй міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. І вось у гэтым томе змешчаныя дакументы БНР.

У Маскве дзівіліся, што ў сталіцы БНР быў нават белы хлеб

– Таксама БНР стварыла беларускае казначэйства, беларускую гандлёвую палату, якая паспяхова гандлявала ў 1918-м годзе з Украінай.

– Калі сюды прыйшлі бальшавікі, па Маскве разнесліся чуткі, што ў Мінску ёсць белы хлеб! Але прайшлі 2 тыдні пасля прыходу бальшавікоў і белы хлеб знік, а за ім пачаў знікаць і чорны…

Спадар Анатоль, а як людзі, жыхары Беларусі адносіліся да БНР?

– Вось я маю перад сабой два тамы зборніка дакументаў «Архівы БНР». Паглядзіце колькі тут лістоў ад людзей да ўрада БНР. Людзі звярталіся ў розных справах і атрымлівалі дапамогу. Вось беларусы з Моўчадзі (гэта каля Баранавічаў) просяць кіраўніцтва БНР прыслаць ім настаўніка, які б выкладаў у школе беларускую і нямецкую мовы, ды абяцаюць плаціць яму заробак са сваіх грошай.

Паводле слоў Анатоля Сідарэвіча, у БНР было роўнае стаўленне да нацыянальных меншасцяў. У 2-й устаўной грамаце Рады БНР была абвешчаная роўнасць моваў народаў БНР, а ва ўрад былі ўведзеныя прадстаўнікі яўрэяў, расіян, палякаў.

І Ўкраіну, і Беларусь Расіі «здалі» заходнія дэмакратыі

– А ці ведалі пра Беларускую Народную Рэспубліку ў свеце?

– Прэм’ера БНР Антона Луцкевіча прымаў прэзідэнт Чэхіі Тамаш Масарык, тройчы прымаў начальнік Польскай дзяржавы Язэп Пілсудскі. БНР прызналі Фінляндыя і Эстонія. Наша вайскова-дыпламатычная місія дзейнічала ў Рызе. Была падпісана дамова аб ўзаемным прызнанні з Літвой. Ураду БНР даваў дзяржаўныя пазыкі ўрад Украіны. Консул БНР Алесь Бурбіс прадстаўляў, дарэчы, абсалютна легальна, інтарэсы беларускай дзяржавы ў Маскве. БНР не толькі ведалі, але і рэагавалі!

Можна нярэдка пачуць, што, каб не было БНР, не было б БССР…

– Нават камісар Рэйнгальд, сябра першага ўрада БССР, казаў, што «калі б не было беларускай рады (гэта значыць рады БНР), то не было б БССР».

За выключэннем Чэхіі, Сербіі і Польшчы ніводная славянская нацыя так і не набыла сваю дзяржаўнасць у 1918-20 гадах, толькі ў канцы 80-х - у пачатку 90-х. Чаму ж так адбылося?

– Такая была агульная тэндэнцыя! Антон Луцкевіч у 1914-м годзе напісаў, што толькі разам з дэмакратыямі ўсяго свету Беларусь здабудзе сваю волю. Але сутнасць у тым, што заходнія дэмакратыі, брытанская і французская — гэта былі «дэмакратыі ў сабе». Яны ўнутры з'яўляліся дэмакратыямі, а звонку былі імперскімі дзяржавамі. Яны трымалі вялікія калоніі і былі прыгнятальнікамі! І як яны маглі несці свабоду нейкім там беларусам, калі былі прыгнятальнікамі? І Ўкраіну, і Беларусь Расіі «здалі» заходнія дэмакратыі. Перш за ўсё Францыя, ну і Нямеччына дапамагла. Трэба было, каб дэмакратыя стала не толькі «для сябе», але і для іншых. І вось калі гэты пералом адбыўся, тады стала магчымым станаўленне і Харвацкай, і Славацкай, і Ўкраінскай, і Беларускай дзяржавы.

Дзень Волі святкавалі і левыя, і правыя, нават камуністы

– А як святкавалі гадавіну абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці БНР, і як мянялася традыцыя святкавання?

– У Заходняй Беларусі ўпершыню польскія улады забаранілі святкаванне Дня незалежнасці ў 1937 годзе. У Вільні свята адзначалася імпрэзамі і канцэртамі. Да 1926 года гэтае свята адзначалі і левыя, і правыя. Нават негалосна камуністы адзначалі. Але ў 1926-м годзе адбыўся падзел…

Прыгадваючы леташні «круглы стол», прысвечаны БНР, на старонках «Советской Белоруссии», альбо зборнік дакументаў пад рэдакцыяй Сяргея Мартынава, які вы згадвалі, складваецца ўражанне, што беларускія ўлады пачалі нейкую «легалізацыю» БНР. Але ў той жа час у газеце Міністэрства абароны з’яўляюцца артыкулы, у якіх ганьбяцца і БНР, і яе дзеячы…

– Адзін польскі гісторык прачытаў манаграфію беларускага прабальшавіцкага гісторыка і спытаў яго на міжнароднай канферэнцыі: «Я разумею, што вы палякаў не любіце. Але за што вы не любіце сваіх беларусаў?! Чаго вы на сваіх беларусаў, якія змагаліся за незалежную дзяржаву, бочкі памыеў выліваеце?». І гэты гісторык не знайшоў што адказаць. І ўцямна адказаць на гэтае пытанне не зможа ніводная з афіцыйных асобаў. «Віна» дзеячаў БНР перад цяперашняй уладай была толькі ў тым, што яны былі дэмакраты. Што яны былі за сацыяльную, незалежную, свабодную, мульцікультурную дзяржаву!

Атрымліваецца, што савецкая традыцыя шальмавання ўсяго, што звязана з першай спробай здабыцця беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі, жыве і сёння, ужо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь?

– Бальшавізм характэрызуе непрымірымасць да іншадумцаў, да іншых класаў, да іншых рэлігій і ідэялогій. Да гэтага часу людзі не могуць пазбыцца гэтага. Думаць не вузка-групавымі, вузка-сацыяльнымі, а думаць нацыянальнымі інтарэсамі людзі не умеюць. І не хочуць! Яны наўмысна дзеляць грамадства на «сваіх» і «чужых».

Цяперашнія ўлады не могуць маўчаць пра 25 сакавіка, але і адкрыта не кажуць, і не прызнаюць. Анатоль Сідарэвіч нагадвае, што дагэтуль у Мінску няма вуліцы першага прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Ўсевалада Ігнатоўскага. Няма вуліцы, якая б насіла імя людзей, што сталіся бацькамі беларускай дзяржаўнасці – братоў Івана і Антона Луцкевічаў. Мала таго, на тым месцы дзе калісьці стаяў дом Луцкевічаў у сталічным Купалаўскім парку вырашана пабудаваць… рэстаран.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках