28 снежня 2024, Субота, 3:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: «16 сакавіка мы выйдзем на вуліцы патрабаваць спыненьня палітычных рэпрэсій»

2

У краіне па-ранейшаму застаюцца палітвязьні, таму сёньня на Кастрычніцкай плошчы Менску адбудзецца акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі, заяўляюць моладзевыя лідэры.

Дзень салідарнасьці чацьвёрты год адзначаецца штомесяц 16-га дня. Удзельнікі акцый патрабуюць вызваленьня палітвязьняў, якіх трымаюць за кратамі, а таксама расьсьледваньня гучных спраў аб выкраданьні апанэнтаў беларускай улады.

Лідэр руху «Джынс за свабоду» і актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель заявіў у інтэрв’ю «Радыё Свабода», што ягоныя паплечнікі абавязкова выйдуць на плошчу.

«Мэта Дня салідарнасьці дагэтуль не дасягнутая: у нас па-ранейшаму застаюцца палітвязьні. 16 сакавіка, як і кожны месяц, мы выйдзем на вуліцы, каб патрабаваць спыненьня палітычных рэпрэсій у Беларусі. 12 сакавіка ўладам хапіла розуму не разганяць акцыю. Яны зрабілі пэўны крок, можа, у бок лібэралізацыі. Я спадзяюся, што 16 сакавіка і 25 сакавіка ніякіх сілавых дзеяньняў з боку ўлады ня будзе», - паведаміў ён.

Першая акцыя салідарнасьці адбылася ў кастрычніку 2005 году. Арганізатары заклікалі людзей а 8 ўвечары згасіць у доме сьвятло і запаліць на вокнах сьвечкі, каб такім чынам выказаць сваю салідарнасьць зь сем’ямі зьніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага, а таксама з тымі, хто ў той момант за сваю палітычную дзейнасьць адбываў пакараньні за кратамі.

Потым акцыі адбываліся ў розных фарматах – ад ланцужкоў людзей з партрэтамі палітвязьняў і зьніклых на Кастрычніцкай плошчы да вывешваньня сьцягоў і правядзеньня пікетаў насупраць будынку Расейскай амбасады. За праявы салідарнасьці некалькі дзясяткаў моладзевых актывістаў адбылі ад 3 да 15 сутак арышту. Акцыі салідарнасьці ладзяць і беларускія студэнты ў замежжы. Насупраць будынкаў беларускіх амбасадаў яны ставяць партрэты зьніклых і запальваюць каля іх сьвечкі. Мінакам раздаюць інфармацыйныя матэрыялы пра сытуацыю ў Беларусі.

«Пакуль у Беларусі будуць парушацца правы чалавека, да таго часу акцыі салідарнасьці будуць актуальнымі і будуць намі праводзіцца», - запэўнівае лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Таксама выйдзе на плошчу разам з сваімі сябрамі й лідэр руху «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч.

«Гэта насамрэч ёсьць вельмі важным момантам для ўсяго беларускага грамадзтва. Гэта будзе пэўным зарадам напярэдадні акцыі 25 сакавіка на Дзень Волі», - перакананы ён.

Сустаршыня партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя Павал Севярынец упэўнены, што Дзень салідарнасьці зьяўляецца днём змаганьня за дэмакратыю ў Беларусі.

«Працягваюць парушаць правы чалавека. Сталі ўжываць новыя формы рэпрэсій – такія, як палітычны прызыў і выключэньне з унівэрсытэтаў, выдаленьне з працы – гэта ўсё працягваецца.

Гэта тычыцца і беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў. Шмат каго зь іх прымушаюць адмовіцца ад статусу заснавальнікаў БХД. Безумоўна, дата 16 захоўваецца як Дзень салідарнасьці, як дзень змаганьня за дэмакратыю ў Беларусі», - кажа палітык.

Акцыя пачнецца а 8-ай увечары на Кастрычніцкай плошчы. Удзельнікі акцыі будуць трымаць партрэты арыштаваных прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Ўладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага - ўдзельніка «справы 14-ці» (крымінальнай справы, узбуджанай пасьля мірных леташніх акцыяў прадпрымальнікаў). Маладыя людзі зьвяртаюць увагу таксама й на тое, што яшчэ дзесяці пакараным у «справе 14-ці» абмежаваньнем волі таксама пагражае зьняволеньне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках