24 лiстапада 2024, Нядзеля, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму камісар ЕЗ Ферэра-Вальднер не паехала ў Беларусь?

2
Чаму камісар ЕЗ Ферэра-Вальднер не паехала ў Беларусь?

Адмена візіту камісара ЕЗ можа быць звязаная са з’яўленнем у Беларусі палітвязняў, разгонам мірных акцый і самазабойствам праваабаронцы.

Урад Беларусі і еўракамісар па знешніх сувязях і Еўрапейскай палітыцы суседства Беніта Ферэра-Вальднер дамовіліся аб пераносе ейнага візіту ў Менск, які планаваўся.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, візіт адбудзецца ў сярэдзіне красавіка. Візіт еўракамісара планаваўся на 12-13 сакавіка.

Прэс-сакратар еўракамісара Крысціяна Хоман удакладніла, што візіт пераносіцца "па прычыне перагружанага працоўнага графіка".

Перанос візіту ў Менск еўракамісара па знешніх сувязях і Еўрапейскай палітыцы суседства Беніты Ферэра-Вальднер быў чаканым. Такое меркаванне выказаў БелаПАН палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Па меркаванні Якаўлеўскага, такі дыпламатычны ход можна было чакаць, у прыватнасці, пасля выступу Ферэра-Вальднер у Лондане 9 сакавіка. Еўракамісар заклікала Менск правесці "больш палітычных рэформаў" і ахарактарызавала дзеянні беларускіх улад як "два крокі наперад, адзін назад".

Эксперт таксама паказаў на "скептыцызм у адносінах тэмпаў беларуска-еўрапейскага дыялогу, які ў апошні час гучаў як з Берліна, так і Варшавы". Як лічыць Якаўлеўскі, аптымізму з нагоды развіцця двухбаковых адносінаў моцна паменшыла, паколькі ў Еўропе чакалі ад Менска больш крокаў насустрач.

Якаўлеўскі таксама звярнуў увагу на тое, што на фоне прыезду ў Менск Ферэра-Вальднер, які планаваўся, не цалкам зразумелыя прычыны нечаканага візіту Аляксандра Лукашэнка ў Арменію, якая як і Беларусь з'яўляецца патэнцыйным удзельнікам палітыкі ЕЗ "Усходняе партнёрства".

Акрамя таго, эксперт не выключае, што ў Брусэлі былі пачутыя заклікі беларускай апазіцыі.

Прычынай пераносу запланаванага на 12—13 сакавіка візіту ў Менск еўракамісара па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніты Ферэра-Вальднер маглі стаць унутрапалітычныя супярэчнасці краін ЕЗ па беларускім пытанні. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў палітолаг Юрый Дракахруст.

"У апошнія тыдні ў Еўропе абвастрыліся спрэчкі з нагоды таго, як узаемадзейнічаць з Беларуссю, у якім фармаце яе запрашаць да ўдзелу ў праграме "Усходняе партнёрства", ці запрашаць Лукашэнку ў Прагу на саміт Усходняга партнёрства", — сказаў эксперт.

Па ягоных словах, некалькі дзён таму Б. Ферэра-Вальднер заявіла, што Беларусі трэба праводзіць больш палітычных рэформаў, перш чым Еўразвяз пагодзіцца на больш цесныя адносіны. "Думаю, гэтая заява сведчыць аб тым, што тых крокаў, якія ўжо зрабіў Менск, недастаткова. А некаторыя крокі ў супрацьлеглым напрамку некалькі збянтэжылі Брусэль", — адзначыў Ю.Дракахруст. Сярод такіх крокаў ён назваў "брутальны разгон" дзвюх акцый моладзевых актывістаў у лютым, арышт прадпрымальнікаў з Ваўкавыска, нядаўняе самагубства праваабаронцы Яны Паляковай.

"Не выключаю таксама, што Брусэль атрымаў з Менска сігнал аб тым, што Беларусь збіраецца прызнаць незалежнасць грузінскіх аўтаномій, — сказаў палітолаг. — А з боку ЕЗ ужо было досыць выразна сказана, што калі гэта адбудзецца, то Беларусь выпадае з еўрапейскага кантэксту".

Пры гэтым Ю.Дракахруст лічыць, што Савет міністраў замежных спраў краін ЕЗ на сваім паседжанні на наступным тыдні, хутчэй за ўсё, прыме рашэнне аб падаўжэнні прыпынення візавых санкцый у адносінах беларускіх чыноўнікаў. Але адносна магчымага ўдзелу Беларусі ў праграме "Ўсходняе партнёрства" канчатковага рашэння пакуль няма, падкрэсліў эксперт.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках