Ута Цапф аб Беларусі: Жыць стала лягчэй, жыць стала весялей (Абноўлена)
31- 11.03.2009, 12:06
Дэлегацыя ПА АБСЕ адзначае «ст аноўчыя змены» у дыялогу паміж Беларуссю і Захадам.
«Не магу сказаць, што сітуацыя змянілася радыкальна, але назіраецца прагрэс, рух «крок за крокам». Жаданне ўрада змяніць заканадаўства, наблізіць яго да міжнародных стандартаў, выклікае павагу і жаданне працягнуць кантакты», - заявіла журналістам кіраўнік Працоўнай групы ПА АБСЕ па Беларусі Ута Цапф, перадае «Інтэрфакс».
Па ейных словах, «калі мы тут вядзем дыялог з «парламентам», урадам, то заўсёды гаворка ідзе аб неабходнасці прытрымлівання стандартаў АБСЕ». У.Цапф канстатавала, што «на працягу апошніх двух год дыялог паміж Беларуссю і АБСЕ быў некалькі ўскладнены». «Зараз адчуваецца, што справы ідуць лепш і прасцей. Дыялог ідзе больш жыва і карысна», - адзначыла У.Цапф.
Акрамя таго, яна дадала, што, «калі мы размаўлялі з апазіцыяй, то адчулі, што іхняе жыццё стала лягчэйшым, але прагрэс мог бы быць большым».
Па словах У.Цапф, па-ранейшаму прадстаўнікі АБСЕ звяртаюць увагу беларускіх улад на неабходнасць захавання стандартаў у галіне правоў чалавека, правядзення адкрытых і вольных выбараў, уцягвання шырокіх пластоў грамадства ў палітычныя працэсы, забеспячэнне незалежнасці судовай сістэмы.
Добрым сыгналам нямецкі дэпутат назвала той факт, што вырасла гатоўнасць кіраўніцтва Беларусі да супрацоўніцтва, абмеркавання зменаў, якія могуць быць унесеныя ў выбарчае заканадаўства, новы закон аб СМІ. «Мой калега набыў у шапіку, наўпрост у будынку Адміністрацыі прэзідэнта, адну з двух газэтаў, якія ўлады вярнулі ў падпісны каталог! — кажа яна. — Я зараз буду яе берагчы!»
У сваю чаргу старшыня ПА АБСЕ Жоао Соараш заявіў, што ў развіцці дыялогу Беларусі з Еўропай «яшчэ вялікі шлях наперадзе». «Але сам факт, што рух пачаўся – пазітыўны», - сказаў ён.
Кіраўнік ПА АБСЕ перакананы, што «Беларусь ні ў якім разе не павінная падвяргацца ізаляцыі». Па ягоных словах, падчас сустрэч з прадстаўнікамі апазіцыі дэлегацыя ПА АБСЕ для сябе адзначыла, што «апазіцыя таксама сёння не настойвае на ўзмацненні жорсткасці санкцый» у адносінах Беларусі.
Нагадаем, у Беларусі па-ранейшаму застаюцца палітычныя зняволеныя. Гэта лідэры прадпрымальніцкага руху Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі, які адбывае пакаранне за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў у мінулым годзе.
Пад пагрозай зняволення па гэтай справе знаходзяцца таксама іншыя маладыя людзі - Максім Дашук, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Аляксандр Баразенка, Павел Вінаградаў, Міхаіл Субач, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў.
На днях скончыла жыццё самагубствам праваабаронца Яна Палякова, асуджаная на 2,5 гады абмежавання волі.
Акрамя таго, апазіцыя не мае доступу да дзяржаўных СМІ, а большасць незалежных газет дагэтуль не маюць магчымасці друкавацца і распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.