27 снежня 2024, Пятніца, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Візыт дэпутатаў Эўрапарламента у Менск пад пагрозай зрыву

8
Візыт дэпутатаў Эўрапарламента у Менск пад пагрозай зрыву

20 лютага Менск павінна была наведаць дэлегацыя дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту.

Ініцыятарам прыезду эўрапейскіх дэпутатаў у Беларусь зьяўляецца эўрапарлямэнтар зь Летувы Лайма Андрыкене, якая ад 1996 да 1998 году яна адказвала за працэс далучэньня Летувы да Эўразьвязу.

У склад дэлегацыі ўваходзяць старшыня камісіі ЭП па кантактах зь Беларусьсю Яцак Пратасевіч, італьянскі эўрадэпутат Яс Гавроньскі, Хосэ Саляфрэнка з Гішпаніі й Крыстафэр Бізьлі зь Вялікабрытаніі.

Рашэньне пра прыезд у Менск эўрадэпутаты прынялі пасьля таго, як атрымалі ліст ад Аляксандра Мілінкевіча. Два тыдні таму старшыня руху “За Свабоду” накіраваў у Эўрапарлямэнт ліст, у якім разам з пазытыўнымі зьменамі ў краіне апісаў узмацненьне рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў, палітычных партый і пратэстанцкіх цэркаваў.

Эўрадэпутаты вырашылі на ўласныя вочы пераканацца ў сытуацыі ў Беларусі. Праграмай візыту прадугледжваліся сустрэчы як зь дзяржаўнымі чыноўнікамі, так і прадстаўнікамі апазыцыі. Аднак яшчэ сёньня частка чальцоў дэлегацыі ня мелі ўязной візы ў Беларусь, таму прыезд эўрапейскіх палітыкаў у Беларусь знаходзіцца пад пытаньнем.

Пра гэта «Польскаму радыё» распавёў Яцак Пратасевіч:

«Мае калегі зь Італіі, Вялікабрытаніі й Гішпаніі на мінулым тыдні зьвярнуліся ў беларускую амбасаду ў Брусэлі за візай. Мінуў амаль тыдзень, а адказу дагэтуль няма, таму мы чакаем».

Сам Яцак Пратасевіч мае дыпляматычны пашпарт, што дае яму права перакрочваць мяжу без неабходнасьці атрыманьня візы. Паводле словаў польскага эўрадэпутата, візыт адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі ўсе ўдзельнікі дэлегацыі будуць мець магчымасьць трапіць у Беларусь. Цалкам верагодна, што паезд прыйдзецца перанесьці на канец лютага.

Акрамя таго, беларускі бок да гэтага часу не пацьвердзіў ані воднай з заплянаваных раней сустрэчаў зь дзяржаўнымі чыноўнікамі.

«Пакуль мы маем толькі праграму сустрэчаў з прадстаўнікамі апазыцыі. Я абсалютна гэтым не пераймаюся. Мы павінны дакладна прыгледзіцца да сытуацыі ў Беларусі, перадусім у кантэксьце апошняга разгону міліцыяй мірнай дэманстрацыі», -- сказаў Яцак Пратасевіч.

Паводле яго словаў, канчатковае рашэньне пра прыезд у Беларусь эўрадэпутаты прымуць заўтра. Калі чальцы Эўрапарлямэнту зь Гішпаніі, Вялікабрытаніі й Італіі не адмовяцца ад паездкі, то візыт магчымы праз тыдзень. Спадар Пратасевіч спадзяецца, што беларуская амбасада не адмовіць у візах.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках