26 снежня 2024, Чацвер, 5:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязня Арцёма Дубскага пераводзяць у Бабруйскае СІЗА

Стаў вядомы лёс арыштаванага ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага – моладзевага лідэра пераводзяць у Бабруйскі ізалятар.

Арыштаваны 13 лютага актывіст «Маладога Фронту» пакуль знаходзіцца ў ізалятары ў Асіповічах. Сёння яго наведае адвакат.

Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміла прэс-сакратар «Маладога Фронту» Тацяна Шапуцька.

«Сувязі з Арцёмам у нас няма, -- распавядае Тацяна Шапуцька. -- Вядома, што яму інкрымінуецца парушэнне правілаў пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Дубскаму пагражае ад палутара да трох год турэмнага зняволення. Сёння да яго прыедзе адвакат. Магчыма, сёння будзе прызначаная дата суду».

Нагадаем, што 13 лютага ў Гомелі быў зняты з цягніка і арыштаваны моладзевы актывіст Арцём Дубскі, асуджаны па «справе 14-ці». Арцём Дубскі ехаў з Украіны ў Менск для ўдзелу ў забароненай беларускімі ўладамі акцыі «Дзень Кахання».

У апошні час Арцём Дубскі пражываў ва Ўкраіне ў сувязі з узбуджэннем супраць яго на радзіме крымінальнайсправы. У кастрычніку 2008 года супраць Дубскага быа заведзеная другая крымінальная справа па арт. 415 УКК РБ нібыта за парушэнне парадку адбыцця пакарання, да якога яго прысудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

Адзначым, што «Справа 14-ці» - крымінальная справа паар. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў адносінах ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 год калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павел Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да палутара год абмежавання волі.

Зараз яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі строгім наглядам, і пры малым парушэнні ў любы момант могуць быць пазбаўленыя волі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках