25 снежня 2024, Серада, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянты гвалтам гоняць менчукоў з дамоў. За пратэст пагражаюць арыштам

21
Міліцыянты гвалтам гоняць менчукоў з дамоў. За пратэст пагражаюць арыштам

12 лютага судовыя выканаўцы зь міліцыяй прымусова выселілі менчука Васіля Хадзькова з прыватнага дома на вуліцы Дзяржынскага, дзе пракладваюць лінію мэтро.

Васіль Хадзькоў адмаўляўся пусьціць у дом прадстаўнікоў улады, і тады міліцыянты гвалтам зацягнулі мужчыну ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезьлі ў Маскоўскі раённы суд. Спадара Хадзькова будуць судзіць за непадпарадкаваньне судоваму рашэньню. Высяленцу пагражае адміністрацыйны арышт за непадпарадкаваньне, перадае «Радыё Свабода».

Між тым Васіль Хадзькоў казаў судовым выканаўцам, што не адмаўляўся падпарадкоўвацца суду, але толькі просіць даць праз суд пэўныя тлумачэньні высяленьня.

«Якое высяленьне? Куды? На вуліцу? Калі паводле закону, дык паводле закону. Законам кватэра мне быццам перадаецца ва ўласнасьць, дык перадайце яе ва ўласнасьць», - абураецца ён.

Маскоўскі райвыканкам выдзеліў у якасьці кампэнсацыі за дом Хадзькова двухпакаёвую кватэру на трох чалавек: Хадзькову, ягонай былой жонцы і сыну. Васіль Хадзькоў спрабаваў праз суд аспрэчыць гэтае рашэньне, паколькі з былой жонкай даўно ў разводзе, але працэс прайграў. Хадзькоў прасіў суд патлумачыць ягоную магчымасьць стаць уласьнікам кватэры ва ўмовах, калі на гэтай жа плошчы з такімі ж правамі жыве іншая, чужая яму сям’я. Але суд тлумачэньня ня даў і прызначыў прымусовае высяленьне на 12 лютага.

Судовыя выканаўцы не адважыліся самі ўрывацца ў дом, які абараняў Васіль Хадзькоў, і паклікалі на дапамогу міліцыю. Грузчыкі з «Дырэкцыі будаўніцтва менскага мэтро» ўзламалі дзьверы ламамі і пад наглядам судовых выканаўцаў вынесьлі рэчы з дома былога ўласьніка.

Васіль Хадзькоў заяўляе, што будзе далей аспрэчваць рашэньне аб сваім высяленьні. Гаспадар дома згадаў сустрэчу з чыноўніцай Маскоўскага гарвыканкаму.

«Чыноўніца кажа, што быццам бы ў мяне фіктыўны развод, і таму ня трэба выдзяляць кватэру. Не праз суд яны гэта вырашылі, а самі, насуперак закону», - зазначыў ён.

Васіль Хадзькоў, як яшчэ болей за сто жыхароў Менску, падпісаў скаргу ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Гаспадары дамоў пратэстуюць супроць адсяленьня з-за будаўніцтва мэтро і заклікаюць улады разабрацца з магчымымі махінацыямі чыноўнікаў вакол выдзеленых кватэр.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках