28 снежня 2024, Субота, 3:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі амбасадар распавёў, чаму Лукашэнка просіць новы крэдыт

13

Беларусь і Расея ўжо ў лютым могуць вызначыць асноўныя ўмовы давання крэдыту ў расейскіх рублях.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Інтэрфаксу» паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

«У цяперашні час ідзе абмеркаванне пытання па вылучэнні Беларусі крэдыту ў расейскіх рублях, на ўзроўні Мінфінаў створаная працоўная група. Тэрмін унясення прапановаў па гэтым міждзяржаўным крэдыце – люты», - паведаміў дыпламат.

Пры гэтым, паводле яго словаў, расейскі бок разглядае гэты крэдыт як міждзяржаўны, прызначаны, у першую чаргу, для эканомікі Беларусі. Ён скептычна ацэньвае аргументацыю беларускага боку, якая афіцыйна тлумачыць неабходнасць у гэтым крэдыце планамі па пашырэнні выкарыстання расейскага рубля пры разліках у двухбаковым гандлі.

«Не думаю, што абгрунтаванні беларускага боку дастаткова аргументаваныя, расейскі бок разглядае гэта ў якасці звычайнага міждзяржаўнага крэдыту», - сказаў Сурыкаў.

Пры гэтым Сурыкаў сказаў, што пакуль не ведае, у якім аб'ёме могуць быць дадзеныя рэсурсы.

Нагадаем, што Расея ўжо вылучыла Беларусі крэдыт у 2 мільярды даляраў. Раней расейскія ўлады адхілілі просьбу афіцыйнага Менска аб даванні новага крэдыту на 100 мільярдаў рублёў (каля 3 мільярдаў даляраў). Беларускі бок заяўляў, што крэдыт павінен быць выдадзены ў абмен на пераход Беларусі на разлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі.

У снежні расейская газета «Коммерсант» паведаміла, што рашэнне аб даванні Беларусі крэдыту ў 100 мільярдаў рублёў будзе залежаць ад таго, ці прызнае афіцыйны Менск незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Іншая ўмова - перадача «Газпраму» кантрольнага пакета акцыяў ААТ «Белтрансгаз». Па звестках газеты, у выпадку выканання гэтых умоваў Беларусь магла б не толькі атрымаць крэдыт, але і захаваць ільготны кошт на расейскі газ.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках