23 лiстапада 2024, Субота, 20:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошні год дыктатуры

96
Апошні год дыктатуры

Няма ў Лукашэнкі падтрымкі ў грамадстве. Няма адкуль ёй узяцца. Рэйтынг яго наўрад ці дацягвае сёння да 15%, лічыць лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Год, які прайшоў, вельмі наглядна паказаў, што няма ў рэжыма сёння ніякіх рэсурсаў для развіцця Беларусі: ні палітычных, ні эканамічных. Ёсць інстынкт самазахавання і агрэсіўнае жаданне расправіцца з іншадумствам у краіне. На гэтым моцную і квітнеючую Беларусь не пабудуеш.

Трымаецца рэжым не на папулярнасці, а на нашай нерашучасці. Хаця яго дужа спрабавалі ў мінулым годзе падтрымаць.

Знешні свет у асобе еўрачыноўнікаў распачаў рашучую спробу паўплываць на сітуацыю ў Беларусі іншымі, чым раней, метадамі. Генеральнай лініяй зрабілі тое, што раней прапіхвалі употай: аднаўленне стасункаў з Лукашэнкам пад прыкрыццём дбання пра народ. На самjй справе бізнэс суседніх дзяржаваў даўно ўжо штурхаў сваіх палітыкаў да такога павароту, а буйныя еўрапейскія гульцы чакалі нагоды, каб не вырашыць, а закрыць надакучлівую тэму правоў чалавека ў Беларусі. Здарылася грузінская вайна, і авантурысты-геапалітыкі вырашылі – вось ён гістарычны шанец дапамагчы Лукашэнку спазнаць свет і зразумець сваё шчасце. Да д'ябла дэмакратычную дэмагогію, час заняцца сур'ёзнымі справамі і бізнэсам.

Такому павароту ўзрадавалася і частка апазіцыі, якая стамілася ад неўладкаванасці. Насамрэч, зручна ж як: выкарыстовай амаль тыя ж лозунгі, толькі крышку канчатак падпраўляй – і ўсё наладзіцца. Лібералізацыя, дэмакратызацыя, еўрапеізацыя, незалежызацыя…

У тэорыі ўсё было быццам бы гладка. І нават скептыкам хацелася паверыць, што пад ціскам абставінаў рэжым скарыстаецца вельмі выгаднай прапановай ЕЗ і зробіць хоць паўкрока ў бок ненавіснай для яго дэмакратыі. Аднак цудаў не бывае.

Вынікам “барацьбы” за адрыў Беларусі ад Расеі стала развіццё Еўразійскага саюза, нацэленага на адраджэнне СССР . Вынікам “барацьбы” за правы чалавека шляхам ігнаравання палітвязняў і паліцэйскага гвалту сталі атакі на журналістаў, выкраданні апазіцыянераў, спешная падрыхтоўка блакады інтэрнэту.

Не атрымалася ў Лукашэнкі прадаць свой рэжым Захаду. Крэдыты, якія вылучаліся МВФ, Сусветным банкам, прыватнымі банкамі прадыктаваныя хутчэй страхам, што абвал у адной краіне, хай нават дыктатарскай, у эпоху глабалізму пацягне за сабой непрадказальныя наступствы для эканомікаў іншых краінаў. Сумна, вядома, што пры гэтым падтрымліваецца дыктатура ў Беларусі, але, упэўнены, нядоўга гэта будзе доўжыцца.

Крызіс не стаў для Лукашэнкі штуршком да рэформаў. Ды і пра якія рэформы можна казаць, калі няма магчымасці нават іх абмяркоўваць у грамадстве. Няма асноўных незалежных удзельнікаў такіх дыскусіяў: парламента, незалежнай прэсы, незалежных судоў. Без канкурэнцыі не проста меркаванняў, а меркаванняў, падмацаваных паўнамоцтвамі, немагчыма знайсці аптымальную мадэль паводзінаў у крызіс, а галоўнае – пасля яго. Для эфектыўных мераў па пераадоленні крызісу неабходная дэцэнтралізацыя прыняцця рашэнняў, актыўнае дэлегаванне паўнамоцтваў, у нас жа – усё наадварот. Бяздумнае назапашванне крэдытаў у надзеі пратрымацца хоць крыху робіць выхад з рэцэсіі вельмі складаным, калі наогул магчымым.

Тры гады таму апазіцыя прапаноўвала ўладам дыялог для пераадолення крызісу, умацавання незалежнасці, выхаду Беларусі на новы этап развіцця. Улады ў адказ учапіліся ў сваю дыктатуру мёртвай хваткай. Год таму Еўразвяз прапанаваў уладам дамоўленасці ў абыход апазіцыі. Але і гэта спалохала рэжым. Няма ўнутры ўладаў лібералаў, якіх упарта хочуць разглядзець еўрапейцы і мясцовыя луканолагі. Ёсць адданыя дыктатуры чыноўнікі, якія спрабуюць прамаўляць ліберальныя гукі для таго, каб яшчэ лепш абслужыць гаспадара.

У апазіцыі, наадварот, усё больш разумення таго, якім шляхам ісці Беларусі: незалежнасць, свабодныя выбары, Еўрапейскі Саюз. Пайсці гэтым шляхам можна толькі растаўшыся з дыктатурай Лукашэнкі. І гэтую задачу можна выканаць вельмі хутка.

Па вялікім рахунку ў Лукашэнкі не атрымалася нават раскалоць апазіцыю. Так, адкалолі кавалачак, і цяпер не ведаюць, што з ім рабіць.

Паўтара гады таму дыктатар абяцаў, што максімум праз год апазіцыі ў Беларусі не будзе. Сапраўды, гэты год для дэмакратычных сілаў быў вельмі цяжкім. Цяжка стаяць, калі табе імкнуцца падставіць падножку тыя, хто не стамляецца казаць пра сваё сяброўства і вернасць прынцыпам. Аднак мы выстаялі. Нам сёння трэба прыкласці ўсе сілы, каб апошняя дыктатура ў Еўропе сканала.

Цяжкі быў 2009 год для Беларусі. Не сусветны крызіс у гэтым вінаваты, а палітычны рэжым. Ён не дае надзеі, хлусіць з любой нагоды, нават калі гэта датычыць здароўя грамадзянаў. У нашых сілах у надыходзячым годзе зрабіць усё, каб нашае жыццё стала лепш. Давайце пажадаем адзін адному, каб гэтая надзея большасці беларусаў нарэшце стала рэчаіснасцю.

З новым годам! Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 96

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках