25 снежня 2024, Серада, 8:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскія праваабаронцы: «Як наогул магчымы дыялог ЕЗ і краіны, дзе знікаюць палітыкі?»

3

19 і 20 лістапада ў Таліне і Хельсінках абмяркоўвалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

З дакладам выступіў беларускі праваабаронца, эксперт беларускага Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў Дзяніс Гіль. Тэмай сустрэчы стала прэзентацыя дакладу пра праблемы свабоды веравызнання ў Беларусі. Прадстаўнікі фінскіх і прыбалтыйскіх грамадскіх арганізацыяў, якія прысутнічалі на сустрэчах, маглі з першых рук даведацца пра тое, што апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра магчымасць лібералізацыі і еўрапейскі вектар ўнутранай палітыкі краіны не больш, чым палітычная гульня, паведамляе сайт «Навіны Хрысціянскага Свету».

Беларускі эксперт асабліва адзначыў, што сёння існуе небяспека, што Еўрапейскі Звяз можа заплючшыць вочы на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі дзеля эканамічных выгодаў. «Са шкадаваннем трэба канстатаваць, што заявы Лукашэнкі пра магчымыя паслабленні рэжыму, не адпавядаюць сапраўднасці. У апошнія гады сітуацыя ў галіне свабоды веравызнання не толькі не палепшылася, але з'явіліся новыя перашкоды для свабоднай дзейнасці нават зарэгістраваных цэркваў і царкоўных звязаў» – сказаў ён падчас сустрэчы Таліне.

Падчас дыскусіі ў Таліне прадстаўнік цэнтра стратэгічных ініцыятыў «Іншая Еўропа» (Латвія) Павал Левушкан адзначыў, што жыхары краінаў Балтыі вельмі добра разумеюць праблемы ў Беларусі, таму што яшчэ нядаўна рэлігійныя канфесіі ў нашых краінах сутыкаліся з ганеннямі ў савецкія часы. Вядома, сітуацыя ў Беларусі далёкая ад пераследаў часоў СССР, але ўсе ж паралелі прасочваюцца. Ён распавёў пра тое, што «Іншая Еўропа» вядзе пастаянны маніторынг сітуацыі і запрасіў грамадскія арганізацыі Эстоніі аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб у Еўропе не атрымалася рэалізаваць вядомую тактыку беларускага кіраўніка «Прэферэнцыі ў абмен на пацалункі». «Толькі рэальныя дзеянні, а не дэкларацыі, павінны ўлічвацца кіраўніцтвам ЕЗ. Мы, як выбаршчыкі, павінны паўплываць на палітыкаў нашых краінаў» – сказаў латвійскі госць.

У Хельсінках прайшла аналагічная сустрэча з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацыяў і журналістамі ў офісе IRR-TV. Дзяніс Гіль прыняў удзел у запісы перадач для фінскага Сёмага канала, некалькіх фінскіх радыёстанцыяў, друкаваных СМІ.

Эксперт партала Liberty of Faith Дзмітры Саргін звярнуў увагу тых, хто сабраўся ў Хельсінкі на тое, што дагэтуль Еўропа так і не пачула ад рэжыму Лукашэнкі выразных адказаў пра лёс зніклых без вестак прадстаўнікоў апазіцыі. «Зніклі і, верагодна, загінулі людзі. Якая ў гэтым роля беларускіх спецслужбаў і прэзідэнта? Якія вынікі расследавання? На гэтыя пытанні мы дагэтуль не атрымалі адказаў. Як наогул магчымы дыялог Еўрапейскага Звяза і дзяржавы, дзе за погляды, адрозныя ад афіцыйных, знікаюць людзі? Мы чулі пра падобныя рэчы ў краінах усходу, дзе ў улады таталітарныя, ці тэрарыстычныя рэжымы. Калі Беларусь мае намер весці дыялог з ЕЗ, дык яе кіраўніцтва павінна прыняць нормы цывілізаванай палітычнай дыскусіі. Прычым у выпадку, калі яно мае хаця б самае нязначнае дачыненне да знікненняў апазіцыйных палітыкаў – сысці ў адстаўку. Краіны, якія жывуць на аснове еўрапейскіх хрысціянскіх каштоўнасцяў, абавязаныя праводзіць палітыку нулявой талерантнасці ў дачыненні да рэжымаў, што дапускаюць унутраны тэрарызм у дачыненні да апазіцыі».

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка і аператар расейскага тэлеканала ГРТ Дзмітры Завадскі.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках