24 снежня 2024, aўторак, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Свабодны тэатр» прэзэнтуе: «Кветка для Піны Баўш» (Фота)

3

20 снежня «Свабодны тэатр» запрасіў сваіх гледачоў на прэм'еру – спектакль «Кветка для Піны Баўш», над якім калектыў працаваў некалькі апошніх месяцаў.

Прэм'ера прайшла ў адной з прыватных хатаў на ўскраку Менска.

Калектыў прысвяціў спектакль памяці Піны Баўш – выбітнага харэографа сучаснасці, якая пайшла з жыцця ўлетку гэтага года. Яе фраза «мне не цікава як рухаюцца людзі, мне цікава, што імі рухае» стала эпіграфам спектакля, пастаўленага Уладзімірам Шчэрбанем.

Лагічна працягваючы метад, заснаваны на асэнсаванні і абагульненні дакументальнага матэрыялу, стваральнікі спектакля вырашылі пагаварыць пра страчаныя магчымасці ў жыцці чалавека. У драматургічную аснову спектакля леглі гісторыі з жыцця акцёраў, якія адбыліся з імі ў апошнія гады, а ў некаторых працягваюцца і зараз. Кажучы пра тэматыку спектакля, Уладзімір Шчэрбань перакананы ў «бясконцасці» падобнага тэатральна прадукта: «Мы пакідаем адкрытым фінал спектакля, паколькі шмат якія з тых гісторыяў, якія ўвайшлі ў яго, знаходзяцца ў развіцці. Нам цікава, што будзе адбывацца далей, з улікам таго, што не толькі яны будуць развівацца самі па сабе, але і сам спектакль будзе ўплываць на тое, што адбываецца ў жыцці. Гэта захапляльны працэс».

Нягледзячы на тое, што трупа тэатра практычна не змянялася на працягу ўсіх пяці гадоў свайго існавання, падчас працы над спектаклем чальцы калектыва даведваліся адзін пра аднаго такую колькасць новай інфармацыі, што Уладзімір Шчэрбань назваў гэты працэс «новым знаёмствам»: «Мы праводзілі велізарную колькасць часу разам, гутарачы і спрабуючы зразумець, што кожнага з нас хвалюе больш за ўсё зараз, у гэты перыяд часу. Гэта вельмі складаная, карпатлівая праца, якая адкрыла нас адзін адному з цалкам розных бакоў. Мы як быццам усе знаёміліся наноў, даведваючыся нешта новае адзін пра аднаго, суперажываючы адзін адному, і паглыбляючыся ў праблемы адзін аднога».

Акцёр Алег Сідорчык, які сыграў у спектаклі некалькі роляў, упэўнены, што граць іншых персанажаў значна лягчэй, чым казаць пра ўласныя праблемы: «Калі граеш нейкага персанажа, паглыбляешся ў ролю роўна настолькі, наколькі глыбока яе змог прапісаць драматург; калі ж кажаш пра сябе, узнікае адчуванне, што паглыбляцца можна бясконца – кожны пласт сваёй свядомасці, які ўскрываецца, становіцца найскладанейшай тэмай для рэфлексіі. Спроба разабрацца з уласнымі страхамі, праблемамі і комплексамі прымушае акцёра заставацца максімальна ўключаным на працягу ўсяго рэпетыцыйнага перыяду і кожнага спектакля ад першай хвіліны да апошняй».

У «Кветцы для Піны Баўш» дэбютавалі адразу дзве акторкі – Ганна Слатвінская, выхаванка тэатральнай лабараторыі Fortinbras, і Ірына «Яра» Ярашэвіч, якая працуе ў тэатры памочнікам рэжысёра. Яны арганічна ўліліся ў трупу «Свабоднага тэатра», так лічыць мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Халезін: «Тая праца, якую мы вядзем у тэатральнай лабараторыі Fortinbras ужо больш за год, пачынае прыносіць плён. Аня – першая са студэнтаў, якая змагла на роўных выйсці на сцэну ў складзе асноўнай трупы тэатра. Будзем лічыць гэта стартам, за якім пойдзе развіццё – уключэнне ўсё большай колькасці навабранцаў у паўнавартасныя тэатральныя «баявыя дзеянні». З'яўленне на сцэне Яра таксама не варта лічыць выпадковым – некалькі месяцаў таму яна падключылася да заняткаў у школе Fortinbras, і працай у гэтым спектаклі даказвае, што гэты крок не быў беспадстаўным».

«Свабодны тэатр» плануе актыўна граць «Кветка для Піны Баўш» у Менску на працягу найбліжэйшых месяцаў, накатваючы спектакль, дапаўняючы і відазмяняючы яго. Наступны тур паказаў – напярэдадні Раства:

26 снежня пачатак ў 20.00

27 снежня пачатак ў 19.00

Запіс па тэлефоне +375 29 626 95 28 (Святлана)

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках