26 снежня 2024, Чацвер, 7:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саўмін абмяркоўвае ўказ Лукашэнкі аб цэнзуры Інтэрнэту

50
Саўмін абмяркоўвае ўказ Лукашэнкі аб цэнзуры  Інтэрнэту

Канчатковы варыянт указу «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента Інтэрнэта» можа быць падпісаны ўжо 24 снежня.

Савет міністраў другі дзень запар абмяркоўвае праект указу Лукашэнкі, які абмяжоўе працу Інтэрнэт-рэсурсаў. Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміў Уладзімір Стаўскі, выканаўчы дырэктар асацыяцыі «Белінфакам», якая прааналізавала дакумент і накіравала ў Міністэрства сувязі і ў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце заўвагі на яго конт.

«Так, у нас ёсць прапановы, і мы іх адправілі ў Міністэрства сувязі. Ліст і заўвагі, гэта вельмі вялікі дакумент. Ён падрыхтаваны. Учора праходзіла другое паседжанне Савета міністраў — пазаўчора ўжо было адно, абмяркоўвалі гэтае пытанне, і перанеслі на ўчора. Частка нашых прапановаў прынятая, але мы не ведаем, якія менавіта. А частка — не», -- заявіў Уладзімір Стаўскі.

Генеральны дырэктар УП «Надзейныя праграмы» Юры Зісер, які прымаў удзел у працы над заўвагамі, сцвярджае, што Саўмін «змякчыў» найбольш адыёзныя фармулёўкі, але не прыбраў іх.

Напрыклад, паводле пункта 1.4 праекту ўказу прыпыніць аказанне паслугаў тым ці іншым карыстальнікам правайдэра можа прымусіць не толькі суд, але і «упаўнаважаныя дзяржаўныя органы, а таксама дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, органы пракуратуры, папярэдняга расследавання і падатковыя органы пры наяўнасці дастатковых падставаў лічыць, што працяг такога доступу будзе спрыяць здзяйсненню правапарушэння». Зісер кажа, што Саўмін прыслухаўся да меркавання экспертаў і прыбраў гэты пункт з указу, але «сам пазасудовы механізм закрыцця сайтаў захаваўся».

Эксперт таксама адзначыў, што шмат якія іншыя фармулёўкі ў праекце ўказу выклікаюць крытыку: «Так, першы пункт датычыць таго, што ў інтэрнэце забараняецца на тэрыторыі Беларусі аказанне любых паслугаў, у тым ліку інфармацыйных і рэкламных, пры дапамозе рэсурсаў, зарэгістраваных у міжнародных даменных зонах ці тых, якія размяшчаюцца па-за тэрыторыяй Беларусі. Атрымліваецца, напрыклад, што Google і Mail.ru — па-за законам!».

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, 14 снежня ў Байнэце з'явіўся дакумент, які аформлены як праект указу Лукашэнкі «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт». Ён прадугледжвае значнае абмежаванне ў працы навінавых інтэрнэт-сайтаў.

У скандальным дакуменце ідзе гаворка пра блакаванне сайтаў па рашэнні дзяржаўных органаў, ідэнтыфікацыі карыстальнікаў Сеткі, прыцягненні да адказнасці распаўсюднікаў інфармацыі ў інтэрнэце, а таксама дзяржаўнай рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ.

Паводле першапачатковага праекту ўказу, хостынг беларускіх рэсурсаў абавязкова пераносіцца ў Беларусь, а каб выйсці ў інтэрнэт нават па беспарольным доступе, беларусам прыйдзецца спачатку прыйсці да правайдэра з пашпартам. Канчатковы варыянт указу можа быць падпісаны ўжо 24 снежня.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках