26 снежня 2024, Чацвер, 7:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З-за ўказу аб рэгуляванні Інтэрнэту беларусаў могуць пакінуць без мабільнай сувязі

6

Кіраўнікі арганізацый-пастаўшчыкоў Інтэрнэт-паслуг абмеркавалі праект указа Лукашэнкі аб жорсткім дзяржаўным кантролі Інтэрнэта.

Вынікі гэтай нарады несуцяшальныя, паведамляе «Еўрарадыё».

Паводле слоў выканаўчага дырэктара асацыяцыі арганізацый інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій «Белінфакам» Уладзіміра Стаўскага, насцярожвае тое, што гэты так званы «праект указа» дагэтуль афіцыйна не апублікаваны. Але нават калі гэта здарыцца, магчымасцяў неяк паўплываць на яго ўдасканаленне ў іх не будзе.

«Кола органаў, якія ўзгадняюць гэты дакумент, абмежаванае — гэта ж праект указа. Напрыклад, толькі Міністэрства сувязі. Туды можна прапановы ўносіць. І тое — мы можам па іншых заканадаўчых актах, а па праекце ўказа… Нам яго ніхто не накіроўваў — ні Міністэрства, ні Адміністрацыя прэзідэнта. Мы не можам яго разглядаць: а раптам гэта «качка»? Можна толькі афіцыйная дакументы разглядаць. Мы можам толькі прасіць разгледзець нашыя прапановы. Але юрыдычных падставаў для таго, каб унесці нейкія змены альбо нашую думку ў гэты дакумент, у нас няма», -- адзначае Уладзімір Стаўскі.

Тое, што дадзены праект указа можна абмяркоўваць толькі на ўзроўні чутак, кажа і выканаўчы дырэктар тэлекамунікацыйнай кампаніі «Айчына Плюс» Максім Ляўданскі. Таму зараз, паводле слоў дырэктара, будуць прыкладзеныя ўсе намаганні, каб гэты праект быў атрыманы зацікаўленымі асобамі афіцыйна.

«Будзем спрабаваць атрымаць гэты дакумент у арыгінале. Калі паспрабаваць зразумець, дзеля чаго гэты дакумент ствараецца і што ён мае на мэце, калі гэта дакумент, накіраваны на лібералізацыю, — тады гэта адны пытанні і адна фармулёўка. Калі гэта дакумент карнага характара — тады зусім іншыя пытанні і фармулёўкі», -- заяўляе Максім Ляўданскі.

Што ж тычыцца таго дакумента, які з’явіўся ў Інтэрнэце ў якасці праекта ўказа, то ў Максіма Ляўданскага ён выклікае ўражанне грунтоўнай недапрацаванасці.

Датычна дрэнных і няслушных рэчаў, то іх, на думку дырэктара «Айчыны Плюс», у дакуменце хапае. Напрыклад, абавязковы перанос хостынга ў Беларусь.

«Гэта чарговая манаполія. А манаполія ніколі не была дабром. Калі мы перанясем хостынг толькі ў Беларусь, то гэта прывядзе да таго, што ў нас хостынг памрэ. Да і ў прынцыпе гэта немагчыма», -- кажа Ляўданскі.

Выклікае занепакоенасць і прапанова перакласці адказнасць за дзеянні карыстальніка на правайдэра. Прычым можа здарыцца так, што пацерпяць не толькі карыстальнікі Інтэрнэт-паслуг, але і абаненты мабільнай сувязі.

«Просты прыклад: я бяру мабільны тэлефон, выходжу ў Інтэрнэт праз Velcom, ці МТС, ці БеСТ і размяшчаю на нейкім сайце інфармацыю, якая супярэчыць заканадаўству Беларусі. На падставе няправільных фармулёвак указа могуць вынесці прадпісанне Velcom аб прыпыненні яго дзейнасці на тэрмін, не большы за 1 месяц. Падумайце: раптам Velcom, ці МТС, ці БеСТ перастаюць аказваць паслугі — што адбываецца?», -- пытаецца Максім Ляўданскі.

Нягледзячы на тое, што праект указа, датычны рэгулявання Інтэрнэта, нідзе да гэтага часу не з’явіўся ў якасці афіцыйнага дакумента, дырэктар кампаніі «Айчына Плюс» Максім Ляўданскі не лічыць яго «качкай».

«Я не лічу гэта «качкай», бо ведаю, што гэты ўказ абмяркоўваецца на дастаткова сур’ёзным узроўні. Адзінае — я не разумею, чаму дзяржава ў дадзеным выпадку менавіта такім чынам спрабуе вынесці дакумент на грамадскае абмеркаванне», - заяўляе эксперт.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках