25 снежня 2024, Серада, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатура небяспечна для жыцця

87
Дыктатура небяспечна для жыцця

Дактары вымушаны хаваць інфармацыю пра эпідэмію грыпу ў Беларусі па загадзе адміністрацыі Лукашэнкі, а яго асабістае стаўленне да таго, што ў краіне паміраюць людзі, інакш як хамскім назваць нельга.

Пра гэта ў інтэрв’ю сайту charter97.org заявіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

«Сітуацыя з эпідэміяй у Беларусі пацвердзіла простую ісціну – дыктатура небяспечна для жыцця людзей. Можна цешыць сябе ілюзіямі, што выбары нічога не вырашаюць, што скрадзеныя галасы не маюць значэння, аднак нельга не бачыць сувязі паміж палітычным рэжымам у Беларусі і той пагрозай для здароўя і жыцця людзей, якая стварылася ў сувязі з дзеяннямі беларускіх уладаў у небяспечны для краіны перыяд», -- заявіў Андрэй Саннікаў.

На думку палітыка, «неспецыялісту зразумела, што ўлады клапоцяцца не пра здароўе людзей, а пра тое, як схаваць ад нас праўду пра небяспеку эпідэміі і ўласнай непадрыхтаванасці з ёй змагацца. Цалкам правалена вакцынацыя насельніцтва ад сезоннага грыпу, не кажучы ўжо пра адсутнасць вакцын ад свінога грыпу. Аптэкі і бальніцы аказаліся ў найгоршым стане, чым у перыяд звычайных сезонных прастуд. У продажы няма прэпарата «Таміфлю», якім сёння ратуюцца хворыя ва ўсім свеце. Дактары і супрацоўнікі аптэк проста валяцца з ног, дапамагаючы хворым, і, самі не будучы прышчэпленымі, падвяргаюць сваё жыццё небяспецы».

«Падкантрольныя ўладам сродкі масавай інфармацыі працягваюць хлусіць пра рэальную сітуацыю, што спараджае ўсё больш чутак, і менавіта гэта выклікае паніку сярод насельніцтва. Дактары вымушаны хаваць інфармацыю па загадзе чыноўнікаў Лукашэнкі, а яго стаўленне інакш як хамскім назваць нельга. Параўноўваць людзей са свіннямі можа толькі амаральны дыктатар, якому напляваць на беларускі народ», -- упэўнены Саннікаў.

Паводле яго словаў, сёння людзі пазнаюць праўду толькі дзякуючы інтэрнэту і дактарам, якія, няхай употай, але перадаюць інфармацыю пра сітуацыю ў лякарнях і пра спосабы лячэння небяспечных захворванняў.

«Страх і бязволле, якія пасеяў рэжым Лукашэнкі сярод чыноўнікаў, сёння сапраўды пагражаюць здароўю і жыццю грамадзян. Калі выпадкі свінога грыпу сталі з'яўляцца на нашых межах, у Расеі, Украіне, Польшчы, Літве, неабходна было тэрмінова закупляць усе сродкі прафілактыкі і лячэння і рыхтавацца да вакцынацыі. Замест гэтага велізарныя сродкі марнаваліся на ваенныя гульні, крэдыт МВФ знік невядома куды, праславуты рэзервовы фонд Лукашэнкі, мабыць, ідзе на асабістыя патрэбы чыноўнікаў. Прыгнячэнне грамадскай супольнасці ў Беларусі робіць немагчымым грамадзянскі кантроль за сітуацыяй у краіне. Праўладныя структуры, такія як Чырвоны Крыж, якія павінны былі прымаць радыкальныя меры ў такой сітуацыі, наогул затаіліся. Беларусь сёння відавочна мае патрэбу ў дапамозе – гуманітарнай медыцынскай дапамозе, у дапамозе спецыялістаў СААЗ, медыцынскіх лабараторый, якія змогуць у сціснутыя тэрміны праводзіць аналізы на вірус свінога грыпу, аднак улады злачынна працягваюць замоўчваць ступень небяспекі і спрабуюць абвінаваціць насельніцтва і інтэрнэт-СМІ у сітуацыі, якая склалася», - канстатуе лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Дэмакратычная апазіцыя заклікае міравую супольнасць, перадусім Еўропу, звярнуць сур’ёзную ўвагу на тое, што адбываецца ў Беларусі ў сувязі з эпідэміяй свінога грыпу.

«Нам патрэбныя рашучыя дзеянні такіх арганізацый, як «Дактары без межаў». Еўропа б'е трывогу, калі Расея перакрывае транспарціроўку газу праз тэрыторыю Беларусі, але чамусьці маўчыць, калі жыццю беларусаў пагражае смяротная небяспека. Толькі агульныя высілкі грамадзян Беларусі і міравой супольнасці могуць спыніць распаўсюд гэтай хваробы, як у Беларусі, так і ў суседніх краінах.

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках