24 лiстапада 2024, Нядзеля, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінздраў засакрэціў усю інфармацыю пра распаўсюджванне свінога грыпу

47
Мінздраў засакрэціў усю інфармацыю пра распаўсюджванне свінога грыпу

Прадстаўнікі Мінздрава катэгарычна адмовіліся абвесціць лічбы па колькасці тых, хто захварэў і памёр у Беларусі ад грыпу.

Як заявіла на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Менску, намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, начальнік аддзела першаснай медыцынскай дапамогі міністэрства Людміла Жылевіч, цікавасць да канкрэтных лічбаў адносна распаўсюджвання ў Беларусі грыпу з'яўляецца нездаровай з псіхалагічнага пункту гледжання, піша газета «Ежедневник».

Паводле сцверджання Л.Жылевіч, эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне не перавышае парог мінулага года, таму казаць пра нейкую надзвычайную сітуацыю не прыходзіцца. «Высокі ўзровень захворвання – праблема, якая існуе зараз ва ўсім свеце. Міністэрства аховы здароўя было гатовае да развіцця такой сітуацыі». – сказала Л.Жылевіч.

Аднак летась у самім пачатку распаўсюджвання грыпу школы не закрываліся і аптэкі не спусташаліся за дзень. Пазіцыю Міністэрства аховы здароўя, якая была прадэманстраваная сёння на прэс-канферэнцыі, інакш як недарэчнай назваць нельга. З аднаго боку прадстаўнікі міністэрства спрабавалі супакоіць журналістаў, пераконваючы, што сітуацыя звычайная, а з іншага катэгарычна адмаўляліся даваць нейкія лічбы па тых, хто захварэў і памёр. З аднаго боку Л.Жылевіч раіла прыняць меры бяспекі, сярод якіх было названае і нашэнне масак, а з іншага шчыра дзівілася ажыятажу, што ўзнік вакол масак.

«Я паглядзела сёння прэсу і інтэрнэт і вельмі здзівілася, як шмат было нададзена ўвагі маскам», -- сказала Жылевіч. Паводле яе пераканання, ажыятаж вакол недахопу ў аптэках ахоўных масак шмат у чым справакаваны. Як заявіла Жылевіч, раней у аптэках маскі наогул ніхто не купляў, ды і наогул маскі можна зрабіць самім з марлі, а не вінаваціць Міністэрства аховы здароўя у тым, што яно было непадрыхтаванае да эпідэміі. Відаць прадстаўніца Мінздрава была не ў курсе, што марля з апатэкаў таксама знікла.

Магчыма, недахоп у аптэках масак і іншых сродкаў абароны зусім не сведчыць пра бесталковасць чыноўнікаў Мінздрава, не якія здолелі падрыхтавацца да эпідэміі, але іх нежаданне даваць поўную інфармацыю пра ход эпідэміі, кажа вельмі шмат пра што.

Назваўшы цікавасць журналістаў да канкрэтных лічбаў і звестак нездаровай цікавасцю, Жылевіч наогул адмовілася адказваць на любыя пытанні, датычныя грыпу. Зрэшты, пытанні ўсё адно задаваліся, у выніку чаго, мадэратар прэс-канферэнцыі вымушаны быў датэрмінова спыніць мерапрыемства.

Між тым, у Беларусі неафіцыйна распаўсюджваецца інфармацыя пра новыя і новыя смерці ад грыпу, і ўскладненні, якія ён дае. Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя катэгарычна адмаўляюцца пацвярджаць ці абвяргаць гэтую інфармацыю.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках