24 лiстапада 2024, Нядзеля, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: За справай Аўтуховіча праглядаюцца страхі Лукашэнкі

3

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі перакананы, што разгляд справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў стане сапраўдным «судзілішчам».

«Судзілішча, якое мае адбыцца, стане працягам тых паказальных працэсаў, якія праходзяць у Беларусі ўсё 15 гадоў і выконваюць функцыю паслання тым ці іншым групам, пластам насельніцтва, -- заявіў Анатоль Лябедзька ў інтэрв'ю сайту ucpb.org. -- Прысуды па справах Шыдлоўскага, Кудзінава, Клімава, Марыніча, Чыгіра, Кіма, Казуліна, Бандарэнкі закліканыя былі аказваць належнае ўздзеянне ці то на бізнэс, што рызыкнуў пайсці ў палітыку, ці то на чыноўнікаў, якія надумалі паступаць па законе і сумленні, ці то на моладзь, якая шукае справядлівасць у вулічных акцыях».

Лідэр АГП называе разгляд справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў адлюстраваннем асабістых страхаў Лукашэнкі.

«За «справай Аўтуховіча» выразна праглядаюцца асабістыя страхі Аляксандра Лукашэнкі, а таму прысуд будзе цвёрдым і паказальным. Відавочна, што генералы змаглі пераканаць правіцеля, што для жыцця гарадзенскага губернатара і сталічнага чыноўніка існавалі рэальныя пагрозы. І калі не прызначыць вінаватых і не пакараць іх паказальна, то заўтра талерантныя беларусы накіруюць гранатамёт на Чырвоны дом. Людзі ў пагонах згулялі на слабасцях Лукашэнкі. Такім чынам, яны апраўдваюць сваё ўкормленае існаванне і ў той жа час знаходзяць магчымасці падтрымліваць істэрыю страху ў «перыяд лібералізацыі», -- адзначыў беларускі палітык.

Нагадаем, што 27 лістапада міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў заявіў, што судовы працэс па крымінальнай справе палітвязня Мікалая Аўтуховіча пройдзе ў Вярхоўным судзе і будзе адкрытым.

Гэтыя словы выклікалі здзіўленне ў Паўла Сапелкі – адваката Мікалая Аўтуховіча.

«Заявы прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў пра тое, што суд будзе адкрытым, у мяне выклікае пэўнае здзіўленне, -- заявіў у інтэрв'ю «Радыя Рацыя» Павал Сапелка. -- Здзіўляе і тое, што ўжо зараз пра фармат суда над Мікалаем Аўтуховічам выказваюцца асобы, якія не з'яўляюцца суддзямі. Гэта ўжо пэўным чынам дае права лічыць, што вынік па справе будзе залежаць не толькі ад высноў суддзяў».

Як раней паведамляў сайт charter97.org, ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявоўнаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. 18 лютага прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

8 жніўня Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара, а 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.

З 16 красавіка па 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках