24 лiстапада 2024, Нядзеля, 8:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязня Асіпенку таксама абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту

4

Прадпрымальніку з Ваўкавыска Уладзіміру Асіпенку прад’яўлена абвінавачванне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту.

Пра гэта «Белорусскому партизану» 25 лістапада паведаміў праваабаронца Алег Воўчак.

Першаму абвінавачванне ў падрыхтоўцы тэракту тыдзень таму прад'явілі Мікалаю Аўтуховічу. Праваабаронца лічыць, што да канца тыдня прад'явяць абвінавачванні Аляксандру Ларыну і Міхаілу Казлову, маёру міліцыі, пасля чаго ўсіх абвінавачваных пачнуць рыхтаваць да азнаямлення з матэрыяламі справы. Калі гаворка ідзе пра падрыхтоўку тэракту, то гутарка ідзе пра «падрыхтоўку да фізічнага знішчэння старшыні Гарадзенскага аблвыканкама В.Саўчанкі… і намесніка Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь В.Каменкі».

Такім чынам, зараз у справе аб тэракце - чацвёра фігурантаў. Гэта Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка (Юры Лявонаў вызвалены 8 жніўня, 24 верасня з прадпрымальніка знятыя ўсе крымінальныя абвінавачванні), а таксама былы міліцыянт Міхаіл Казлоў і нехта Аляксандр Ларын.

Міхаіл Казлоў з Гародні, затрыманы месяц таму, - адзін з былых кіраўнікоў аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Гарадзенскага аблвыканкама. Паводле інфармацыі «Белорусского партизана», менавіта Міхаіл Казлоў прымаў рашэнне пра ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць начальніка інспекцыі МНЗ Ваўкавыскага раёна ў 2003 годзе на падставе скаргаў Мікалая Аўтуховіча. Пазней яго абвінавацілі ў неданясенні аб тэракце, які рыхтуецца, нібы Міхаіл Казлоў ведаў - і не данёс.

Усіх абвінавачваных і сведак па «ваўкавыскай справе» следству пастаўляе Аляксандр Ларын. У свой час Аляксандр Ларын працаваў у фірме Мікалая Аўтуховіча. «Можа быць, чалавек хворы, ці яшчэ што. Але следства мае непаўнавартаснага сведку», - падкрэсліў Алег Воўчак.

Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявоўнаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. 18 лютага прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

8 жніўня Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара, а 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.

З 16 красавіка па 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках