27 снежня 2024, Пятніца, 12:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз абраў прэзідэнта і вярхоўнага прадстаўніка

20
Еўразвяз абраў прэзідэнта і вярхоўнага прадстаўніка

Прэм’ер-міністр Бельгіі Герман ван Рампей абраны першым прэзідэнтам ЕЗ. На пасаду вярхоўнага прадстаўніка па міжнародных справах і палітыцы бяспекі абрана Кэтрын Эштан.

Кандыдатура Рампея незадоўга да галасавання была афіцыйна вылучана Швецыяй, якая зараз старшынюе ў ЕЗ. Раней кандыдатамі на гэту пасаду ў ліку іншых лічыліся экс-прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга і былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тоні Блэр, іх так і не вылучылі. Кандыдатуру Блэра актыўна лабіяваў сучасны брытанскі прэм’ер Гордан Браўн, але, як адзначае Sky News, незадоўга да галасавання Даўнінг-стрыт адмовіўся ад гэтых планаў, палічыўшы рэйтынг былога прэм’ера недастаткова высокім.

Акрамя гэтага, на саміце быў абраны кіраўнік дыпламатычнага ведамства Еўразвяза: ёй стала брытанка, еўракамісар па пытаннях гандлю Кэтрын Эштан. Яе кандыдатура таксама была вылучана Швецыяй.

Першы прэзідэнт ЕЗ пасля свайго абрання заявіў пра намер працягнуць пашырэнне Еўразвяза.

«Я спадзяюся, што цягам найбліжэйшых двух з паловай гадоў у ЕЗ уступяць новыя чальцы, вядома, выконваючы неабходныя ўмовы», - заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў чацвер позна ўвечары.

Прэзідэнт ЕЗ нагадаў пра адказнасць Еўропы і пра яе ролю ў сучасным свеце. «Без многіх нашых каштоўнасцяў у света не можа быць будучыні», - сказаў Герман ван Рампей. Ён нагадаў, што ЕЗ карыстаецца вялікім эканамічным уплывам і прадстаўляе паўмільярда чалавек. «Гэта сацыяльны праект, які абапіраецца на салідарнасць і творчы падыход», - падкрэсліў ван Рампей.

Новы прэзідэнт падкрэсліў важнасць краін-чальцоў і іх разнастайнасці, а таксама адзначыў, што на міжнародных сустрэчах будзе «прасоўваць тыя пазіцыі, якія зацвердзіць рада», не наступаючы на пяткі старшыні Еўракамісіі.

«Дазвольце сказаць шчыра, маё асабістае меркаванне цалкам другасна ў адносінах да таго, што думае Еўрапейская рада – кіраўнікі дзяржаў ЕЗ. Няважна, што думаю я. Я магу ўдзельнічаць у дыскусіі, але мая роля заключаецца ў пошуке агульнага меркавання», - заявіў Герман ван Рампей.

Падчас свайго выступу пасля абрання Рампей, жадаючы прадэманстраваць, што ён з’яўляецца прэзідэнтам усіх еўрапейцаў, некалькі разоў пераходзіў з адной мовы на іншую. Ён пачаў прамову на французскай мове, пасля была ангельская, а далей галандская – яго родная.

Вітаючы прынятае ў чацвер рашэнне, шведскі лідэр Фрэдрык Рэйнфельдт сказаў: «Мы шукалі людзей, здольных забяспечыць паслядоўнасць і стаць голасам і тварам Еўропы для ўсяго света».

Як піша бельгійскае выданне «EUobserver», гэта рашэнне пра выбар прэзідэнта – чалавека з маленькай краіны, невядомага на міжнароднай арэне – спраўджвае чуткі апошніх тыдняў пра тое, што большасць краін-чальцоў хацела абраць такога кіраўніка, чыя галоўная роля будзе зводзіцца да ўладжвання ўнутраных пытанняў, а не таго, хто зможа адчыняць дзверы ў Вашынгтоне і Маскве.

У звязку з абраннем новага прэзідэнта Еўразвяза італьянская газета «La Stampa» адзначыла: пры ўсёй павазе да ван Рампея і Эштан, ключавыя пасады ў Еўропе занялі двое «незнаёмцаў». Выбары, якія прайшлі ў Брусэлі, прадэманстравалі той факт, што, нягледзячы на двухгадовы недавер адзін да аднаго, Нікаля Сарказі і Ангела Меркель усё ж здолелі знайсці шлях да аднаўлення франка-нямецкай асі. Гэтыя лідэры будуюць дыялог, вельмі падобны да дыялогу сваіх папярэднікаў. Нядаўна гэты былі Шырак і Шрэдар, альянс якіх скончыўся разрывам атлантычных адносінаў з адміністрацыяй Буша. Сарказі і Меркель, насупраць, плануюць мець наўпроставую лінію сувязі з Вашынгтонам, адзначае выданне.

Герман ван Рампей прыступіць да выканання новых абавязкаў ад 1 студзеня 2010 года.

Прэм’ер-міністру Бельгіі Герману ван Рампею 62 гады. Яго галоўным дасягненнем лічаць тое, што ён здолеў знізіць накал супярэчнасцяў паміж дзвюмя галоўнымі абшчынамі ў цэнтры Еўропы, фламанцамі і валонамі. З-за канфлікту паміж імі самая маладая краіна Заходняй Еўропы знаходзілася на мяжы распаду. Некалькі гадоў таму буйная чыгуначная катастрофа адбылася з прычыны таго, што машыністы цягнікоў, якія несліся насустрач адно аднаму, проста не зразумелі адзін аднаго: валон не размаўляў на галандскай мове, а фламандзец – па-французску.

Сам ван Рампей, як нескладана здагадацца па гучанні яго прозвішча, належыць да больш эканамічна развітай фламанцкай абшчыны, якая размаўляе на галандскай мове. На пасадзе прэм’ер-міністр Бельгіі ван Рампей прапрацаваў менш за год; ён быў прыведзены да прысягі 30 снежня 2008 года.

Кэтрын Эштан, якой зараз 53 гады, скончыла Лонданскі універсітэт па спецыяльнасці «эканоміка», займала шэраг грамадскіх пасадаў па пытаннях занятасці і выхавання дзяцей.

У 1999 годзе яна была ўзнагароджана пажыццёвым тытулам баранэсы і месцам у Палаце лордаў брытанскага парламента. Цягам амаль дзесяці гадоў яна працавала ў лейбарысцкім урадзе Вялікабрытаніі – у міністэрствах адукацыі, канстытуцыйных спраў і юстыцыі.

У 2006 годзе яна была названа «Палітыкам года» у Вялікабрытаніі. У 2007 годзе, пасля прыходу да ўлады прэм’ер-міністра Гордана Браўна яна была прызначана лідэрам лейбарысцкай фракцыі ў Палаце лордаў. З кастрычніка 2008 года баранэса Эштан змяніла ў Брусэлі выкліканага для працы ва ўрадзе ў Лондане еўракамісара па гандлі Пітэра Мандэлсана.

Кэтрын Эштан замужам за журналістам і прэзідэнтам кампаніі апытанняў грамадскага меркавання YouGov Пітэрам Келнерам.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках