28 снежня 2024, Субота, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: «Парушэнні правоў прафсаюзаў носяць у Беларусі масавы, сістэматычны, злосны характар»

12
Аляксандр Ярашук: «Парушэнні правоў прафсаюзаў носяць у Беларусі масавы, сістэматычны, злосны характар»

Незалежныя прафсаюзы ўпэўненыя – Еўразвяз не верне Беларусі гандлёвыя прэферэнцыі.

Падчас Форума грамадзянскай супольнасці ў межах палітыкі Еўрапейскага звяза «Усходняе партнёрства», які праходзіў у Брусэлі, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік прапанаваў зняць эканамічныя абмежаванні з боку ЕЗ для краінаў «Усходняга партнёрства». У большай ступені маючы на ўвазе вяртанне гандлёвых прэферэнцыяў для Беларусі.

«Вось якраз таму, каб нічога ў гэтым сэнсе не змянілася, і спрыяюць падобныя ініцыятывы Козіка. Не яму, на самой справе, выступаць у ролі таго, хто просіць вярнуць прэферэнцыі. Бо гаворка ідзе ў першую чаргу пра парушэнні правоў прафсаюзаў, якія носяць масавы, сістэматычны, злосны характар. Прычым, на працягу апошніх 10 гадоў. І ўсе рашэнні, якія прымае Міжнародная арганізацыя працы, кажуць пра тое, што няма значнага прагрэсу ў выкананні рэкамендацыяў МАП па спыненні парушэнняў правоў прафсаюзаў. Гэты факт не ставіць пад сумнеў ніхто, у тым ліку і Еўракамісія. Бо менавіта яна па рэкамендацыі МАП, Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў вынесла такі вердыкт і пазбавіла нашую краіну прэферэнцыяў. Калі Козік едзе ў Брусэль і кажа пра тое, што ў нас усё нармальна з захаваннем правоў прафсаюзаў, дык, з аднаго боку, ён адкрыта ігнаруе высновы і заключэнні МАП, а з іншага – ён пацвярджае ў чарговы раз, што ФПБ зусім не прафсаюз. Што гэта арганізацыя, цалкам падпарадкаваная беларускім уладам», - заявіў у інтэрв'ю сайту Euramost.org адзін з лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі Аляксандр Ярашук.

На думку лідэра Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, Еўразвяз не можа прымаць рашэнні на падставе заяваў беларускай улады ці «спадара Козіка, які гэтую ўладу абслугоўвае».

«ЕЗ можа прымаць рашэнне толькі на падставе высноваў і сведчанняў якой-небудзь сур'ёзнай арганізацыі, якая ажыццяўляе маніторынг сітуацыі з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Такая арганізацыя ў свеце адна – Міжнародная арганізацыя працы. А ў сваім рашэнні падчас чэрвеньскай канферэнцыі МАП чорным па белым напісаў, што значнага прагрэсу ў выкананні рэкамендацыяў МАП па выкараненні парушэнняў правоў прафсаюзаў няма. Дарэчы, зусім нядаўна амбасадар ЕЗ у Беларусі спадар Хольцапфель таксама казаў пра тое, што МАП не адзначыў гэтага прагрэсу. І таму Еўракамісія нават не разглядае пытання аб вяртанні гандлёвых прэферэнцыяў. Атрымліваецца, што ЕЗ на падставе заклікаў Козіка павінен пайсці на сур'ёзны канфлікт з МАП», - упэўнены спецыяліст.

Больш за тое, адзначае Ярашук, усе 27 краінаў Еўразвяза павінны ўвайсці ў канфлікт са сваімі нацыянальнымі прафцэнтрамі.

«Таму ў гэтым канкрэтным выпадку я ўпэўнены, што ЕЗ не пойдзе дзеля чаго б та ні было на канфлікт з прафсаюзамі. Гэта будзе вельмі рызыкоўны крок. Еўрапейскія прафсаюзы, у адрозненне ад палітыкаў краінаў Еўразвяза, менш за усё абцяжарваюць сябе нейкай палітыкай, нейкай дыпламатыяй. Яны разумеюць, што калі ёсць у іх сістэме слабое звяно – Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, які з'яўляецца чальцом Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў – дык яго любым спосабам неабходна зберагчы. Нашыя еўрапейскія калегі не хочуць, каб нас знішчылі, і будуць усімі спосабамі нас падтрымліваць. А значыць – не дазволяць ЕЗ пайсці на павадку ў Козіка і тым садзейнічаць нашаму знішчэнню», - сказаў кіраўнік БКДП.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках