24 лiстапада 2024, Нядзеля, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады ігнаруюць іскі сваякоў зніклых апазіцыянераў у ААН

5

16 лістапада скончыўся тэрмін, цягам якога яны павінны былі адрэагаваць на іск сям’і Анатоля Красоўскага.

Нагадаем, што 16 лістапада 2008 года іск ад імя Анатоля, Ірыны і Валерыі Красоўскіх быў зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН, і яго копія была адпраўлена адказчыку – дзяржаве Беларусь, паведамляе прэс-служба фонда «Мы памятаем».

Першапачаткова ўлады абавязаныя былі адказаць на іск сям’і зніклага апазіцыянера 16 траўня. Аднак замест адказа беларускія ўлады запатрабавалі пераклад іска на расейскую мову (іск быў падрыхтаваны на ангельскай). Такім чынам, урад атрымаў шэсць дадатковых месяцаў для падрыхтоўкі адказа ісцам. Тым не менш, у тэрмін адказ не паступіў.

Згодна з працэдурамі Камітэта па правах чалавека ААН, калі дзяржава-адказчык не адказвае своечасова на іск ісца, ёй накіроўваецца напамін. Калі адказчык не рэагуе на напамін, справа ў КПЧ ААН разглядаецца без уліку меркавання адказчыка.

Іск Красоўскіх быў падрыхтаваны нідэрландскай адвакацкай канторай; ён складаецца з ста пунктаў, да яго прыкладзена 25 дакументаў агульным аб’ёмам больш за тысячу старонак. Ад свайго імя, а таксама ад імя Анатоля Красоўскага, які знік гвалтоўна 16 верасня 1999 года, Ірына і Валерыя Красоўскія заклікаюць дзяржаву Беларусь:

1) неадкладна дапытаць падазроных у датычнасці да гвалтоўнага знікнення Анатоля Красоўскага, названых у спецыяльным Мемарандуме дэпутата Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса;

2) задаволіць шматлікія просьбы чальцоў сям’і Анатоля Красоўскага і міжнароднай супольнасці правесці пільнае адкрытае расследаванне знікнення Анатоля Красоўскага;

3) ідэнтыфікаваць і паказаць месца пахавання Анатоля Красоўскага;

4) кампенсаваць ахвярам гвалтоўнага знікнення Анатоля Красоўскага маральную і матэрыяльну страту.

Згодна з іскам Красоўскіх, дзяржава Беларусь парушыла пункты 6,7, 9 і 10 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Іск падададзены ў адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які з’яўляецца апошнім і практычна адзіным міжнародным дакументам, падпісаным Беларуссю і абавязуючым яе несці адказнасць за злачынствы супраць уласных грамадзян.

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юрый Захаранка і аператар расейскага тэлеканала ОРТ Зміцер Завадскі.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў стала заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду аб іх знікненні змяшчаецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазронаў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках