27 лiстапада 2024, Серада, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кшыштаф Занусі: «Кіно павінна адлюстроўваць тое, што трывожыць людзей і чым яны незадаволеныя»

Вядомы польскі рэжысёр кіно, тэлебачання і тэатра, сцэнарыст Кшыштаф Занусі удзельнічае ў менскім кінафэсце «Лістапад-2009».

Адказваючы на пытанне БелаПАН, якія можна даць парады для развіцця беларускага кіно, Занусі заўважыў, што «кіно другаснае». «Першае — гэта мары вашых жыхароў, іх мэты і чаканні. Трэба адчуць настрой грамадства, што хвалюе людзей, што трывожыць, чым яны незадаволеныя. Кіно павінна адлюстроўваць гэта», — сказаў рэжысёр. Паводле яго словаў, у Беларусі здымаецца шмат фільмаў пра вайну, аднак кіно не павінна датычыць толькі гісторыі.

Занусі таксама паведаміў, што сусветны крызіс не паўплываў на вытворчасць польскага кіно: у краіне прыняты закон, паводле якога 1,5% прыбыткаў ад рэкламы, кабельнага тэлебачання і прададзеных квіткоў на кінасеансы ідзе на развіццё кінематографа. Дзякуючы гэтаму ў апошнія гады ў Польшчы з'явілася шмат маладых рэжысёраў, падкрэсліў Занусі.

Сёлета рэжысёр адзначыў 70-годдзе. Па словах Занусі, у шмат якіх краінах свету былі арганізаваныя рэтраспектывы яго фільмаў. «Я нядаўна быў у Турцыі, у Італіі, дзе прэзэнтаваў сваю новую карціну. Я шмат падарожнічаю і адчуваю сябе поўным сілаў», — сказаў рэжысёр. Зараз Занусі вельмі цікавіць Азія. «Будучыня свету звязаная з Азіяй, і мы ўсе гэта адчуваем, хаця еўрапейцаў яшчэ не да канца зразумелі», — лічыць рэжысёр.

Напярэдадні ў межах Менскага міжнароднага кінафэсту «Лістапад-2009» у сталічным кінатэатры «Перамога» адкрылася рэтраспектыва фільмаў Кшыштафа Занусі. У межах фэсту польскі рэжысёр правядзе творчую сустрэчу з гледачамі ў Гомелі, майстар-клас у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках