Еўразвяз збіраецца падтрымліваць толькі дыктатуру?
19- 9.10.2009, 12:09
Нелегітымная «палатка» ратыфікавала рамачнае пагадненне паміж урадам Беларусі і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцяў. Усе праекты будуць ажыццяўляцца толькі з дазволу ўладаў.
Пагадненне рэгулюе паступленне ў Беларусь тэхнічнай дапамогі Еўразвяза па лініі Еўрапейскага інструманта добрасуседства і партнёрства. Да 2011 года Еўракамісія плануе вылучыць беларускім уладам мільёны еўра на праекты ў такіх сферах, як кіраванне дзяржаўнай мяжой, развіццё прымежных рэгіёнаў, экалогія, адукацыя, энергетыка, стандартызацыя.
«Радыё Свабода» прывяло ўчора словы намесніка міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Алейніка, які, выступаючы ў «палатцы», звярнуў увагу «дэпутатаў» на тое, што беларускі бок дамогся падпісання яшчэ і спецыяльнага пратаколу да рамачнага пагаднення.
«На практыцы гэта азначае, што сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўразвяза будуць вылучацца на ажыццяўленне ў нашай краіне менавіта тых праграмаў і праектаў, якія ўхваліў беларускі ўрад. І якія ён прызнаў адпаведнымі нацыянальным інтэрасам Беларусі», - заявіў намеснік міністра замежных справаў.
Такім чынам, атрымліваецца, што грошы Еўразвяза будуць вылучацца толькі рэжыму Лукашэнкі, а не грамадзянскай супольнасці краіны. Няўрадавыя арганізацыі змогуць удзельнічаць у рэалізацыі вышэйназваных праектаў толькі з дазволу ўрада, але відавочна, што перавага будзе аддавацца толькі структурам, падпарадкаваным уладам. Пытанне правоў чалавека і дэмакратычных рэформаў пры падпісанні гэтага пагаднення было цалкам праігнараванае.
«Сапраўды, узаемаадносіны Еўрапейскага Звяза з беларускімі ўладамі выклікаюць шмат пытанняў, на якія пакуль няма адказаў. Грамадзянская супольнасць і апазіцыйныя палітычныя партыі Беларусі выступаюць за еўрапейскі вектар развіцця краіны, але, калі глядзіш на тую ж праграму «Усходняе партнёрства», бачыш, што там зарэзерваванае месца для дыктатара Лукашэнка. Мы з такой цяжкасцю дамагліся таго, каб ён не паехаў на саміт «Усходняга партнёрства» у Празе, але няма гарантыі, што ён не паедзе на наступнае падобнае мерапрыемства. У праграмах Еўразвяза ёсць месцы і для ўрада, і для мясцовых уладаў, а для няўрадавых арганізацыяў – толькі нейкі грамадзянскі форум. Калі гэта будзе выглядаць выключна як «сустрэліся, пагаварылі, разыйшліся», дык навошта гэта наогул трэба?
Механізмаў уздзеяння на атрыманне рэсурсаў, нейкага кантролю за гэтым з боку грамадзянскай супольнасці -- няма. Апазіцыйныя палітычныя партыі наогул ні ў чым не ўдзельнічаюць. У сувязі з гэтым узнікае шмат пытанняў, на якія я не атрымліваў адказу, калі прыкладна тыдзень таму ў Менск прыязджалі прадстаўнікі Еўракамісіі. Можа так стацца, што ўсе праекты Еўракамісія будзе ажыццяўляць толькі з урадам, а грамадзянская супольнасць застанецца дзесьці на перыферыі», -- заявіў сайту www.charter97.org лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю www.charter97.org адзначыў, што кожны раз, калі еўрапейцы адступаюцца ад сваіх прынцыпаў, рэжым Лукашэнкі дзейнічае ўсё больш нахабна і агрэсіўна як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.
«Існуюць межы нармальных узаемаадносінаў Беларусі з Еўразвязам, у прыватнасці гэтае Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве, дзеянне якога мяркуе развіццё адносінаў з ЕЗ па ўсіх накірунках і галінах. Такое пагадненне было падпісана Беларуссю ў сярэдзіне 1990-х гадоў, але потым краіны Еўразвяза прыпынілі ратыфікацыю гэтага пагаднення з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Сёння беларускі рэжым спрабуе «выскубсці» хоць нейкія праграмы, але не для развіцця эканомікі і грамадства ў цэлым, а для таго, каб збавіцца ад наступстваў крызісу. На жаль, Еўразвяз ідзе на падпісанне такіх пагадненняў у надзеі на змену беларускай палітычнай сітуацыі, але сёння толькі наіўны можа разлічваць, што пры Лукашэнку такія змены адбудуцца.
Тое, што еўрапейскія чыноўнікі спрабуюць заплюшчваць вочы на прыярытэтныя для Беларусі праблемы – палітвязні, правы чалавека, свабодныя выбары – прывядзе толькі да пагаршэння беларускай палітычнай сітуацыі і ў канчатковым выніку -- да яшчэ большага ўскладнення адносінаў Беларусі з Еўропай. Мы бачым, што кожны раз, калі еўрапейцы адыходзяць ад сваіх прынцыпаў, рэжым Лукашэнкі дзейнічае ўсё больш нахабна і агрэсіўна як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Прыклад таму -- нядаўнія беларуска-расейскія ваенныя манеўры, якія былі наўпрост накіраваныя супраць суседніх еўрапейскіх дзяржаваў. Пакуль Еўропа не вернецца да прынцыповай пазіцыі па Беларусі, ніякага паляпшэння адносінаў з нашай краінай не адбудзецца», -- упэўнены Андрэй Саннікаў.