24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіста «Белсата» прымусілі даваць тлумачэнні ў пракуратуры

4

Таццяна Бублікава 7 кастрычніка давала прымусовае тлумачэнне ў Гомельскай абласной пракуратуры адносна заявы чыноўніцы мясцовага гарвыканкама.

Намесніца начальніка ўпраўлення гандлю і паслугаў Гомельскага гарвыканкама Наталля Ратабыльская абвінавачвае журналістку ў тым, што тая нібыта запісала ад імя супрацоўніка тэлеканала «Белсат» аўдыёінтэрв'ю і размясціла яго ў эфіры. Як паведамляе прэс-служба БАЖ, пракуратура не знайшла пацверджання гэтым фактам.

Зраніцы каля дома Таццяну Бублікаву сустрэў участковы міліцыянт. Ён патлумачыў, што мае пастанову аб прымусовым прывядзенні журналісткі ў пракуратуру. Паводле дакумента, пракурор Алеся Рабцава два разы дасылала позву журналістцы: адну з іх пошта вярнула назад, другую - пракурор даслала звычайным лістом.

«З'яўленне супрацоўніка міліцыі было для мяне шокам, -- распавядае Таццяна Бублікава. -- Ні ў адным дакуменце няма майго подпісу аб атрыманні гэтых позваў, і таму пастанова аб прымусовым прывядзенні аформленая з парушэннем нормаў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Беларусі».

У пракуратуры Бублікава азнаёмілася з заявай намесніцы начальніка ўпраўлення гандлю і паслугаў Наталлі Ратабыльскай. Тая напісала, што ў ліпені гэтага года ёй патэлефанавала Таццяна Бублікава, якая назвалася супрацоўніцай «Белсата», задавала пытанні наконт закрыцця рынка «Прывакзальны», не паведаміўшы, што запісвае інтэрв'ю для выкарыстання ў СМІ. Ратабыльская сцвярджае, што не давала згоды на з'яўленне свайго каментара ў эфіры тэлеканала «Белсат».

Журналістка абвяргае заяву чыноўніцы.

«Я з гэтай чыноўніцай ніколі ў жыцці не размаўляла, ні пры асабістай сустрэчы, ні па тэлефоне, -- заяўляе Таццяна Бублікава. -- Думаю, Наталля Ратабыльская з падачы зацікаўленых спецслужбаў пераблытала маё прозвішча з прозвішчам журналісткі, якая рыхтавала матэрыял -- Юлі Цельпук. Таму што менавіта гэтае прозвішча стаіць на сайце «Белсата» пад рэпартажам аб закрыцці рынка.

Пракурор Алеся Рабцава вусна папярэдзіла журналістку аб адміністрацыйнай адказнасці ў выпадку, калі факт супрацоўніцтва з «Белсатам» пацвердзіцца праўдзівай заявай наступнага чыноўніка.

Журналістка патэлефанавала Наталлі Ратабыльскай, і тая не змагла ідэнтыфікаваць яе голас. Па словах журналісткі, у размове чыноўніца запрасіла яе прыйсці ў выканкам, калі тая сапраўды хоча даведацца, пры якіх умовах пісалася заява ў пракуратуру.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках