25 снежня 2024, Серада, 19:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Халезін: «Больш за ўсё Спілберга ўразіла цэнзура ў Беларусі»

10

Сталі вядомыя падрабязнасці сустрэчы беларускага «Свабоднага тэатра» з вядомым амерыканскім рэжысёрам.

На пытанні сайта www.charter97.org адказаў кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.

-- Мікалай, як сталася магчымай сустрэча кіраўніцтва беларускага «Свабоднага тэатра» са Стывенам Спілбергам?

-- Гэта быў, як ні дзіўна, рух «на сустрэчных курсах». Мы хацелі паразмаўляць з мэтрам сусветнага кіно пра свае праекты і праблемы, ён хацеў задаць шэраг пытанняў па сітуацыі ў Беларусі. Але гэтае жаданне магло так і застацца толькі жаданнем, калі б не наш сябра і патрон Том Стопард. Ён ведаў, што ў нас па графіку выступы і выкладанне ў Лос-Анджэлесе, і ініцыяваў гэтую сустрэчу, ведаючы, што ў яго сябра Стывена ёсць цікавасць да гэтай гутаркі.

-- Ці ведаў Стывен Спілберг нешта пра Беларусь да сустрэчы з вамі?

-- Безумоўна, ведаў. Не магу сказаць, што ён свабодна валодае беларускай інфармацыяй, але для больш падрабязнай прапрацоўкі пытанняў у яго ёсць палітычны дарадца Эндзі Спан, які прысутнічаў на сустрэчы. Мы не ўдаваліся ў падрабязнасці адносна прычынаў цікавасці Стывена да беларускіх праблемаў, але ён задаваў дакладныя і канкрэтныя пытанні па нашай сітуацыі.

-- Пра што вы размаўлялі, і што зрабіла на рэжысёра найбольшае ўражанне?

-- Нашая гутарка атрымалася на здзіўленне доўгай – амаль гадзіну, і мы паспелі абмеркаваць мноства праблемаў: ад палітычных да творчых. Безумоўна, на яго, як і на ўсіх нармальных людзей, робіць ўражанне, што ў Еўропе яшчэ ёсць краіна, дзе існуе цэнзура ў сродках масавай інфармацыі і культуры, дзе людзей арыштоўваюць за правядзенне мірных дэманстрацыяў, дзе існуе забарона на дзейнасць шэрагу дзеячоў мастацтва... Падчас гутаркі ён выказаў думку пра тое, што падобная інфармацыя павінна быць данесеная да Белага дома, і пацікавіўся чым ён можа дапамагчы ў гэтым пытанні. Мы адказалі, што падобны інфармацыйны канал ужо існуе – на спектаклі ў Вашынгтоне прысутнічаў юрыст амерыканскага прэзідэнта, і пра спектаклі, якія прайшлі, першы дарадца Барака Абамы паінфармаваў прэзідэнта адразу пасля выхаду матэрыялу ў газеце The Washington Post.

На жаль, сёння я не магу распавесці пра ўсе дэталі гутаркі, паколькі мы не раскрываем інфармацыю пра творчыя праекты да стадыі іх завяршэння. Спадзяемся, што не расчаруем беларусаў, як не расчароўвалі іх і раней.

-- Як сустрэча са Спілбергам можа паўплываць на працу і творчасць «Свабоднага тэатра»?

-- У нас ёсць прынцып – у стасунках з людзьмі такога ўзроўня мы ніколі нічога не просім для сябе. Можа быць менавіта таму нашыя стасункі не абмяжоўваецца адной сустрэчай. Людзі падобнага калібра могуць дапамагчы ўсёй краіне, і недарэчна прасіць іх вырашаць прыватныя праблемы, якія мы ў стане пераадолець самастойна.

Калі ж казаць пра творчасць – час пакажа, ці можам мы быць адзін аднаму карысныя. Сёння дакладна магу сказаць, што для працы над новым праектам нам спатрэбіцца дапамога інфармацыйных структураў Спілберга, якія займаюцца праблемамі Халакоста.

-- А сам Спілберг не збіраецца зняць нешта на беларускую тэму? Вядома штосьці пра яго творчыя планы?

-- Для таго, каб зацікавіць чалавека такога калібра беларускай гісторыяй, неабходная не адна і не дзве сустрэчы. Стывен непрадказальны – ён можа заразіцца любой гісторыяй: ад Шындлера да радавога Райана; ад Форэста Гампа да Індыяны Джонса. Ён геній, і, як у любога генія, у яго велізарная колькасць ідэяў. Магу сказаць, што студыя DreamWorks – гэта адзіная студыя, якая не мае патрэбы ў сцэнарах з боку. Калі вы дашлеце туды свой сцэнар, ён вернецца да вас у нераспакаванай капэрце. Зацікавіць Спілберга можна толькі Гісторыяй з вялікай літары.

Зараз DreamWorks сканчае працу над праектам са Сэмюэлем Джэксанам у галоўнай ролі, які здымаецца ў Новай Зеландыі. Напружаная завяршальная праца над гэтым фільмам пакінула 2-га кастрычніка некранутымі два квіткі на спектакль «Свабоднага тэатра» «Спасцігаючы каханне», куды Спілберг павінен быў прыйсці разам з жонкай.

-- Спілберг таксама з'яўляецца адным з кіраўнікоў Сусветнага габрэйскага кангрэса. Ці ведае ён пра праявы ў Беларусі антысемітызму на дзяржаўным узроўні?

-- Гэтай тэмай Спілберг збянтэжаны асабліва, паколькі сёння дзяржаўны антысемітызм уласцівы толькі некалькім краінам у свеце, і ўсе яны, за выключэннем Беларусі, размешчаныя па-за Еўропай.

-- Дзякуючы «Свабоднаму тэатру» сёння за сітуацыяй у Беларусі сочаць такія сусветныя знакамітасці як Том Стопард, Вацлаў Гавал, Мік Джагер, цяпер – Стывен Спілберг. Як гэта можа дапамагчы нашай краіне?

-- Такога кшталту асобы прыцягваюць да краіны ўвагу сусветнай супольнасці, а ўжо як скарыстацца гэтай увагай – справа грамадзянаў і палітыкаў. І калі яны скарыстаюцца ёй правільна – дэмакратычная трансфармацыя непазбежная.

Фота kilgor-trautt

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках