29 снежня 2024, Нядзеля, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Малей: Улады наклалі вета на рэгістрацыю праваабарончых арганізацыяў

3

Праваабарончае грамадскае аб'яднанне «Берасцейская вясна» чацвёрты раз сёлета атрымала адмову ў рэгістрацыі арганізацыі.

Гэтым разам прычынай адмовы стала «непаданне дакумента банка, які пацвярджае аплату дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю арганізацыі», паведаміў «Польскаму радыё» адзін з заснавальнікаў праваабарончага аб'яднання, юрыст Уладзімір Малей.

«У гэтым выпадку Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама адмовіла нам з прычыны нібыта таго, што мы не падалі квітанцыі аб аплаце дзяржаўнай пошліны. Мы лічым, што гэта няправільна. На самой справе, нам адмовілі пасля таго, як упраўленне юстыцыі дало адтэрміноўку, каб выправіць недахопы. Мы раней плацілі пошліну. І, калі мы выправілі недахопы і падалі дакументы на рэгістрацыю, натуральна, што арыгінала даведкі ў нас не было, і мы падалі толькі ксеракопію», -- заявіў Уладзімір Малей.

Праваабаронца ўдакладняе, што ў прапановах упраўлення юстыцыі, калі яны вярталі дакументы на дапрацоўку, не было адзначана, што ксеракопія даведкі аб аплаце пошліны з'яўляецца недахопам.

«Я упэўнены, што Галоўнае ўпраўленне юстыцыі, дзяржава Рэспубліка Беларусь прымаюць усе меры, каб не рэгістраваць праваабарончыя арганізацыі ў краіне. Прыкладам з'яўляецца нашая арганізацыя «Берасцейская вясна», Праваабарончы цэнтр «Наша вясна». Ужо які раз мы падаем дакументы, і нас не рэгіструюць. Я лічу, што дзяржава наклала вета на рэгістрацыю праваабарончых арганізацыяў», -- сказаў Малей.

Праваабаронца лічыць, што ўлады выкарыстоўваюць любыя сродкі, каб не рэгістраваць арганізацыі. Пры адмоўным рашэнні беларускага суда заснавальнікі праваабарончага аб'яднання пададуць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека аб парушэнні права грамадзянаў Беларусі на асацыяцыі.

«Я далучаюся да кампаніі, якая зараз праходзіць у нашай краіне. Накірую ў Канстытуцыйны суд скаргу з патрабаваннем адмяніць артыкул 193 ч.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць на дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І адмену ўсіх санкцыяў ва ўсіх заканадаўчых актах у дачыненні да грамадзянаў, якія дзейнічаюць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», -- адзначыў берасцейскі праваабаронца.

Нагадаем, што кампанія «Стоп 193.1!» была распачатая Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Прычынай паслужыла існуючая ў Беларусі практыка адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх арганізацыяў і партыяў. Да грамадскай кампаніі далучыліся парламентары з некаторых краінаў Еўразвяза.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках