23 лiстапада 2024, Субота, 21:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У турфірмах і інтэрнэт-крамах курс даляра -- 3 250 рублёў

7

Пасля дэвальвацыі беларускага рубля курсы амерыканскага даляра ў Беларусі сталі рэзка адрознівацца.

Курс даляра па Нацбанку на 9 студзеня амаль не адрозніваецца ад паслянавагодняга. Але попыт на яго па-ранейшаму ажыятажны… Таксісты купляюць даляры па 2500 - 2600 рублёў. Гандляры на рынках пералічваюць іх па курсе 2800 - 2850, а пры набыцці бытавой тэхнікі і па 3000! Тая ж сітуацыя ў інтэрнэт-крамах. Курс 2750 -3000 рублёў. І чым даражэй набытак, тым даражэй валюта, піша газета «Комсомольская правда в Беларуси».

6 студзеня адна з буйных турфірмаў вывесіла на сваім сайце фіксаваны курс для разлікаў: 3250 беларускіх рублёў за у.а.! Пуцёўкі ў Егіпет і ААЭ для беларусаў падаражэлі ледзь не ўдвая.

- Проста панікуюць. Турфірмы з-за дэвальвацыі панеслі страты. Баяцца паўторнага абвалу, таму спрабуюць кампенсаваць магчымыя страты. Але сітуацыя павінна стабілізавацца ў найбліжэйшыя дні, - супакоіў дырэктар адной з турыстычных кампаніяў.

Сапраўды, ужо 8 студзеня турфірмы лічылі даляр ужо па 2800 рублёў. У абменніках курс даляра менш - продаж 2708 - 2780 рублёў. Але паспрабуй набудзь!

У гомельскім абменніку Нацбанка чарга на гадзіну

Да абеду чацвярга даляры і еўра карэспандэнт «КП» не змог набыць ні ў цэнтры Гомеля, ні ў спальных раёнах. Свабодна прадаваліся толькі расейскія рублі. Нават у абменніку гатэля «Турыст», дзе часта спыняюцца замежнікі, было пуста. Удача зьнікла, калі ў перасоўным пункце каля цэнтральнага ўнівермага апошнія 50 даляраў і 100 еўра набыў мужчына, які стаяў наперадзе. На пытанне, калі валюта з'явіцца, касіры не абнадзейвалі:

- Раніцай апошнія рэшткі скончыліся. Замовілі, а калі прывязуць, не вядома. Калі хтосьці здасць, тады будзе.

У мясцовым аддзяленні Нацбанка - чарга з 30 чалавек:

- Увесь горад абегала, нічога няма, тут ужо амаль дзве гадзіны стаю. Кажуць, даляры пакуль ёсць, - хвалюецца жанчына. Карэспандэнт «КП» правёў у чарзе каля гадзіны, але дастаяцца не атрымалася: абменнік зачыніўся на абед.

У Віцебску жадаючых здаць валюту прапускаюць наперад

Ажыятажу каля пунктаў абмену валютаў у Віцебску не назіраецца. Самая вялікая чарга - на самім шматлюдным месцы, каля абменніка, што на чыгуначным вакзале. Чалавек сем жадаючых набыць даляры культурна чакаюць ля акенца. Час ад часу падыходзяць і жадаючыя здаць. Іх паважліва прапускаюць без чаргі.

- А чаму вы здаеце валюту, усе ж набываюць? - пытаюся ў мужчыны сярэдніх гадоў.

- Святы ўсё пад'елі, - усміхаецца ён. - А так бы не здаваў, раптам яшчэ курс падрасце.

У гандлёвым цэнтры «Эвікам», дзе размяшчаюцца аддзяленні практычна ўсіх банкаў, дзяўчыны-аператары шчыра сумуюць. Толькі да акенца Беларусбанка час ад часу падыходзяць людзі, але не за валютай - хто крэдыт пагасіць, хто грошы з карткі зняць. Падбягае задыханая маладзенькая прадавачка з кучкай купюраў у руцэ.

- Ёсць у вас пяцьсот даляраў?

- Пяцьсот?? - глядзіць на яе аператар. - Толькі пяць, калі хочаце…

- Пяць не трэба, дзякуй.

За панікёрамі ўважліва сочаць

У снежні Нацбанк ва ўсе камерцыйныя банкі разаслаў ліст «Аб фактах супрацьпраўных дзеянняў». Сутнасць гэтага звароту: выяўляць усіх грамадзянаў, хто сее паніку сярод народа і «па-сяброўску» раіць забраць грошы з банка ці адмовіцца ад новага ўклада. Тады Нацбанк пагражаў абавязкова прымаць меры да такіх «дарадцаў» з дапамогай супрацоўнікаў дэпартамента аховы МУС РБ.

- За гэты час ніхто не быў затрыманы, - распавёў начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль ДРАЗДОЎ. - У банках усё ціха і спакойна. Ніякай панікі няма. Гэты ліст быў разасланы з мэтай выявіць такія выпадкі і вывучыць сітуацыю.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках