За спадарожнікавую антэну - у суд
12- 29.01.2009, 10:03
Гарадзенку Вольгу Гармаш выклікаюць у Кастрычніцкі раённы суд гораду ў сувязі са спадарожнікавай антэнай.
Сям’я Гармаш цягам году адмаўляецца зьняць яе са сьцяны дому на праспэкце Касманаўтаў, дзе ў іх кватэра. Міліцыянты атрымалі распараджэньне даставіць у суд прымусова спадарыню Гармаш, якая выкладае ў школе ангельскую мову.
Максім Гармаш паведаміў, што 28 сьнежня пасьля абеду яны атрымалі на пошце пратакол наконт спадарожнікавай антэны, складзены камунальнай службай, а таксама позву з Кастрычніцкага суду.
«Два лісты з ЖЭСу № 6, на якіх напісана, што лісты былі ня ўручаныя, і пячатка. І тут ляжаць два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні, складзеныя майстрам ЖЭСу Нікалаенкай пра тое, што мая жонка Гармаш Вольга парушыла, усталяваўшы спадарожнікавую антэну, загад № 177 ад 1999 году міністэрства ЖКГ і адміністрацыйны кодэкс», -- паведаміў гарадзенец «Радыё Свабода».
Максім Гармаш кажа, што антэну ён усталяваў у 1998 годзе, калі яшчэ Вольга Гармаш не была яго жонкай і не жыла па гэтым адрасе.
«Што самае цікавае: мы перагортваем пратакол, і тут няма подпісаў — майго і жонкі, і напісана, што ад подпісу адмовілася, хаця як яна магла гэта падпісаць, калі пратакол дасланы па пошце? Трэці канвэрт ускрываем, і тут ляжыць позва судовая па адміністрацыйнай справе: выклікаюць у суд Кастрычніцкага раёну ў якасьці парушальніка», -- адзначае мужчына.
Учора зь міліцыі спадару Гармашу паведамілі, што атрымана распараджэньне даставіць ягоную жонку ў суд прымусова. Чаму было выдадзена такое распараджэньне, журналісты пацікавіліся ў намесьніка начальніка Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Міхаіла Чарняка.
«Яна не зьяўляецца ў суд для ўдзелу ў разглядзе справы. Суд вынес азначэньне: даставіць яе прыводам. Суд мае на гэта права, ён вынес рашэньне і да нас прыйшла пастанова аб яе дастаўцы. Хоча яна ці ня хоча, яна будзе дастаўленая ў суд», -- паведаміў міліцыянт.
Аднак Максім Гармаш кажа, што яны нічога ня ведаюць пра тое, што суд ужо мог зьбірацца і прымаць нейкае рашэньне. Спадар Гармаш патлумачыў, што яны часта жывуць ня ў горадзе, а ў Сапоцкіне, адкуль родам яго жонка.
Як раней паведамляла «Радыё Свабода», у райцэнтрах на Гарадзеншчыне (Ліда, Слонім, Наваградак) і ў абласным цэнтры супрацоўнікі ЖЭСаў ходзяць па дамах і выносяць жыхарам папярэджаньні. У мясцовых газэтах друкуюцца звароты ўлады, на пад’ездах вывешваюцца спэцыяльныя аб’явы.
Здымаць антэны вымушаюць тых, хто ўсталяваў іх самавольна, але, як правіла, такімі апынаюцца абсалютна ўсе. Законнай працэдуры ўсталяваньня спадарожнікавых антэн няма і ніколі не было. Юрысты даводзяць, што калі няма распрацаванага парадку ўзаконьвання спадарожнікавых антэн, то ня можа быць і адказнасьці за самавольства.
Абаронцы правоў спажыўцоў таксама тлумачаць, што на Гарадзеншчыне павялічваецца цікавасьць людзей да незалежнага тэлеканалу «Белсат». Мясцовыя ўлады асьцерагаюцца, што насельніцтва рэгіёну зробіцца больш інфармаваным і пачне рэагаваць на праблемы больш наступальна.