24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тацяна Севярынец: «Шмат людзей мне кажа – на «выбары» гэтыя не пойдзем!»

2

Тацяна Севярынец, экс-кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17, распавядае ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 аб сваім рашэнні зняцца з «выбараў» і аб тым, як яна праводзіць у сваёй акрузе кампанію «Байкот!».

“Рашэнне аб зняцці прымалася не за адзін дзень, але на працягу ўсёй кампаніі. Паколькі ўлада не выканала патрабаванняў апазіцыі, я ўчора ўвечары напісала заяву аб сваім зняцці з выбараў”, - распавяла спадарыня Тацяна.

Актывістка падкрэсліла, што высоўваліся патрабаванні ўключэння прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый у склад участкавых і акруговых камісыяў, адмены датэрміновага галасавання, забеспячэння назіральнікам належных умоваў для назірання за падлікам галасоў, але ўлада праігнаравала гэтыя патрабаванні.

“Так, прадстаўнікі АДС без усялякага тлумачэння не былі ўключанымі ані ва ўчасткавыя, ані ў акруговыя камісыі. Датэрміновае галасаванне праводзіцца, прычым з шматлікімі парушэннямі”, - сцвярджае экс-кандыдат.

“Вось учора я бачыла, што ва ўчастковай камісіі сядзіць міліцыянт, хаця там абсалютна не ягонае месца. Датэрміновае галасаванне пачалося а 9.50, хаця вінна было пачацца а 10.00”, - распавядае палітык.

“У кабінках для галасавання ва ўзорах запаўнення бюлетэняў птушка стаіць насупраць прозвішча пад нумарам 1. У нас на ўчастку два кандыдата: я і Генадзь Паўлавіч Грыцкевіч, старшыня Віцебскага гарадзкой Рады дэпутатаў. Маё ж прозвішча ў сапраўдных бюлетэнях ідзе пад нумарам 2. Выбарнікі могуць па інэрцыі паставіць птушку так, як ва ўзоры”, -- гаворыць палітык.

Тацяна Севярынец лічыць, што такі прыём уплывае на псыхіку і гэта свайго роду рэкляма праўладнага кандыдата.

“Тое ж сама назіралася і падчас “прэзідэнцкіх выбараў” у 2006 годзе, калі птушка ва ўзоры бюлетэня стаяла насупраць прозвішча пад нумарам 3, а ў сапраўдным бюлетэні пад гэтым нумарам ішло прозвішча Аляксандра Лукашэнкі.”

Па словах спадарыні Севярынец, у Віцебску людзей любым чынам намагаюцца пераканаць галасаваць датэрмінова.

“Учора па дарозе ва ўчастак для галасавання я сустрэла жанчыну, якая вельмі спяшалася прагаласаваць. Запыталася ў яе – чаму так спяшаецца? Аказваецца, ёй на працы сказалі: абавязкова сёння, і кропка. А працуе яна ў віцебскім дзіцячым садку №67”, - тлумачыць спадарыня Севярынец.

“А незалежных назіральнікаў на ўчастку для галасавання пасадзілі так, каб тыя навогул нічога ня бачылі: ні ўваходу ў кабінку для галасавання, ні як чалавек туды заходзіць, ні колькі людзей туды заходзіць. Згодна кодэксу па назіраннях павінна быць цалкам наадварот!” – здзіўляецца экс-кандыдат.

Спадарыня Тацяна распавяла, як яна праводзіць кампанію “Байкот!”:

“Мая ўлётка распавядала аб парушэннях на мінулых “выбарах” і на падрыхтоўчым этапе да гэтых. Там не было надрукавана “Галасуйце за Тацяну Севярынец”, але “Ці патрэбныя нам такія “выбары”?” і “Ці варта нам ісці на іх?” Гэта – лейтматыў усёй маёй прадвыбарчай кампаніі”, - зазначыла спадарыня Севярынец.

Тацяна Севярынец паведаміла, што аб байкатаванні яна казала і падчас выступлення па радыё, і на тэлебачанні.

“Нават калі я яшчэ збірала за сябе подпісы, то рабіла гэта з мэтай даказаць, што ў краіне парушаюць выбарчае заканадаўства. Часам людзі казалі мне: “Мы на “выбары” ня пойдзем!” А я ім адказвала: “І добра зробіце!” – каментуе палітык.

Тацяна Севярынец упэўненая, што навогул у Віцебску людзі рашуча супраць “выбараў”. На Маркаўчшыне (гэта адзін з раёнаў Віцебску), напрыклад, яна заходзіла ўчора ў адзін з дамоў па 1-й Пралетарскай вуліцы, дзе ўсе ягоныя жыхары на “выбары” ня пойдуць.

“Там жывуць старажылы – людзі, якія больш за ўсіх вінныя адчуваць клопаты ўлады. А яны мне кажуць – маўляў, ніякіх “выбараў”! Як у якую дзяржаўную ўстанову звяртаешся, бо у падвале ўжо можна хоць рыбу лавіць, - дык не даторкацца. А як “выбары” – калі ласка, узгадалі нас! Скрыня ўся завалена ўлёткамі праўладных кандыдатаў, а гэтым разам і на кватэру ўжо носяць. Абнаглелі зусім!” – кажа экс-кандыдат.

У Віцебску вырашана зрабіць акругу Тацяны Севярынец байкотнай, паколькі яна знялася з “выбараў”, а застаўся толькі адзін праўладны кандыдат. Такім чынам, адна з чатырох акругаў у горадзе засталася безальтэрнатыўнай.

На пытанне, ці трэба пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў "выбараў", спадарыня Севярынец адказала:

“У АДС была дамова: усім ехаць у Менск! Магу застацца ў Віцебску, каб назіраць… Але назіраць што? У Менску на Плошчы 28 верасня трэба пратэставаць не толькі супраць гэтых “выбараў”, але супраць ганебнага жыцця цалкам”.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках