24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ліпавыя» скрыні ці беларускі LEGO (Фота)

20
«Ліпавыя» скрыні ці беларускі LEGO (Фота)

Падчас галасаваньня на так званых “выбарах” у Беларусі шырока выкарыстоўваюцца скрыні старога ўзору. Дно скрыняў прымацавана лёгкімі шрубкамі і яго лёгка адкруціць. На дне нават няма плёмбы. Усё гэта пашырае мажлівасьці фальшаваньня.

У тым ліку з гэтай прычыны шматлікія кандыдаты ад дэмакратычных партый зьняліся з "выбараў", а прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці заклікаюць да байкоту выбарчага фарсу.

Адразу некалькі скаргаў на ненадзейнасьць скрыняў для галасаваньня накіравалі ў ЦВК і акруговыя камісіі назіральнікі за “выбарамі” і праваабаронцы зь Берасьця.

“Ніжняя частка (дно) скрыняў прымацавана лёгкімі шрубкамі. Гэтак зроблена практычна на ўсіх выбарчых участках. Проста і хутка адчыняецца верхняя крышка скрыні для галасаваньня ўзору 2004 году. На дне скрыняў няма плёмбы. З дапамогай звычайнага шрубніка лёгка можна адкруціць дно. Акрамя таго, на ўчастку № 1 усе сьценкі скрыні прымацаваныя таксама шрубкамі. І такія скрыні тут выкарыстоўваюцца на ўсіх выбарах ад 2004 году”, -- паведаміў ў інтэрв’ю “Радыё Свабода” берасьцейскі грамадзкі актывіст Сяргей Вакуленка.

На Берасьцейшчыне сёньня датэрміновае галасаваньне вядзецца на больш як 940 участках. У дальніх вёсках для галасаваньня выкарыстоўваюць яшчэ савецкія скрыні. Пра гэта паведамляе Аляксандар Рамановіч — давераная асоба Ўладзімера Казекі, які балятуецца ў дэпутаты па Днепра-Бугскай выбарчай акрузе № 10.

“Нідзе тут я ня бачыў новых скрыняў. А яшчэ высьвятляецца, што цяпер неабавязкова апячатваць верх скрыняў паперай з подпісамі ўсіх, хто ў складзе дадзенай камісіі. Таксама адмянілі сургуч. Адбітак пячаткі робіцца на плястыліне. Калі я пацікавіўся, у каго пячатка, то адказалі, што ў старшыні камісіі. Гэта значыць, што калі чалавек нядобрасумленны, то ён можа ў любы момант адчыніць скрыню і ўкінуць патрэбную яму колькасьць бюлетэняў”, -- заявіў Рамановіч.

Сытуацыю на Берасьцейшчыне камэнтуе старшыня праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Брэсцкая вясна” Ўладзімер Вялічкін:

“Сёньня на "выбарах" бачым тыя ж скрыні, што і ў 2006 годзе. Мы перакананыя, што гэта прамы шлях для падмены галасоў менавіта ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня. І калі лічыць, што прыкладна 33% галасоў на датэрміновым галасаваньні аддаюць кандыдату ад улады, то ў выніку выбараў маем магічную лічбу 82,5%”.

У Цэнтравыбаркам зь Берасьця накіраваныя ня толькі скаргі, але і канкрэтныя прапановы. Прапанавана апячатваць зьнешнюю частку дна скрыняў для датэрміновага галасаваньня кантрольнай стужкай з паперы. Пры гэтым стужка з паперы павінна заклейваць вінт ці шрубку, якімі дно скрыні для галасаваньня прымацавана да корпуса.

Задняя сьценка скрыні для галасаваньня здымаецца, калі адкруціць чатыры шрубкі

Проста і хутка адчыняецца верхняя крышка скрыні для галасаваньня ўзору 2004 году

Дно скрыні зроблена з тонкай фанэры і слаба замацавана

Схема апячатваньня дна скрыні для датэрміновага галасаваньня паводле Сяргея Вакуленкі

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках