29 снежня 2024, Нядзеля, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі Народны Фронт ставіць умовы ўладам

7
Беларускі Народны Фронт ставіць умовы ўладам

9 жніўня на пазачарговым з'ездзе Партыі БНФ былі прынятымі дзве важныя рэзалюцыі: аб магчымым няўдзеле Партыі БНФ у «парламенцкіх выбарах», калі ўлады працягнуць рэпрэсыі супраць кандыдатаў ад Фронту і дэмакратычных сілаў, а таксама аб рашучай нязгодзе Партыі БНФ з спробай некаторых еўрапейскіх палітыкаў «дамовіцца» з рэжымам Лукашэнкі.

Аб тым, як праходзіў з'езд Партыі БНФ і аб прынятых на ім рашэннях прэс-цэнтру Хартыі’97 распавядае намеснік Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

«Сутнасць замежнапалітычнай рэзалюцыі складаецца ў тым, што Партыя БНФ выказвае сваю рашучую нязгоду з ідэямі, якія высоўваюцца ў некаторых еўрапейскіх СМІ і асобнымі еўрапейскімі палітыкамі аб тым, што трэба дамаўляцца з рэжымам Лукашэнкі і адмовіцца ад патрабаванняў дэмакратызацыі Беларусі. Мы лічым, што такі «камерцыйны» падыход да сытуацыі ў нашай краіне (а ягонай падаплёкай з'яўляецца жаданне некаторых еўрапейскіх бізнэс-структураў прыняць удзел у «паддыванковай» беларускай прыватызацыі) з'яўляецца недапушчальным. Гэта фактычны продаж правоў чалавека ў абмен на ілюзорныя магчымасці прыняць удзел у прыватызацыі беларускай уласнасці. Мы заяўляем, што любыя падобныя змовы нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі. Любыя прыватызацыйныя дамовы, якія будуць падпісанымі з Лукашэнкам ў падобнай форме – таемна і непразрыста – ня будуць прызнанымі новым дэмакратычным урадам Беларусі», - заявіў Віктар Івашкевіч.

Сярод іншых пытанняў на з'ездзе абмяркоўвалася сытуацыя з выключэннем з партыі былога намесніка старшыні Алеся Міхалевіча. З'езд падтрымаў рашэнне Сойма партыі аб ягоным выключэнні. Па выніках таемнага галасавання выключэнне Міхалевіча падтрымалі 33 дэлегаты з'езду, супраць прагаласавалі 28, двое ўстрымаліся і адзін не ўдзельнічаў у галасаванні. Рашэнне аб выключэнні Міхалевіча было прынята Соймам 14 чэрвеня. Падставай для гэтага паслужылі ягоная нязгода з лініяй кіраўніцтва БНФ і няўдзел, па словах лідэра Фронту Лявона Баршчэўскага, у працы партыі.

«З'езд прадэманстраваў, што пазіцыя Лявона Баршчэўскага ў БНФ – устойлівая, і спробы фракцыйнай барацьбы ня маюць перспектывы. У той сама час Баршчэўскі заявіў, што ён цалкам ня супраць, каб Міхалевіч аднавіўся ў партыі як шэрагавы чалец. І нават прапанаваў прагаласаваць па гэтым пытанні на з'ездзе, але сам Міхалевіч сказаў, што яму ня трэба такога рашэння з'езду, і ён можа зноўку падаць дакументы аб уступе ў першасную арганізацыю», - распавёў Віктар Івашкевіч.

На з'ездзе таксама была прынятай рэзалюцыя аб магчымым выхадзе чальцоў Партыі БНФ з «выбарчай кампаніі» «парламенцкіх выбараў», якія неўзабаве адбудуцца.

«Мы сфармулявалі ўмовы, пры якіх Партыя БНФ ня будзе ўдзельнічаць у выбарах. У рэзалюцыі мы пералічылі факты рэпрэсыяў супраць нашых актывістаў падчас «выбарчай кампаніі»: звальненні, арышты, бясконцыя выклікі і допыты ў КДБ. Мы заяўляем, што Народны Фронт можа спыніць свой удзел у несправядлівай і непразрыстай кампаніі «парламенцкіх выбараў» і шырока праінфармаваць аб гэтым беларускую і сусветную грамадзкасць у выпадку, калі з'явяцца новыя факты дыскрымінацыі альбо ціск на фронтаўцаў, і калі на акругах, дзе балатуюцца чальцы партыі, у склад участковых камісыяў ня ўвойдуць актывісты БНФ або іншых партый, якія ўваходзяць у АДС. Народны Фронт высунуў 300 кандыдатаў у чальцы ўчастковых камісыяў, і калі яны ня ўвойдуць у камісыі, то гэта будзе сведчыць аб тым, што ўлады рыхтуюцца да фальсыфікацыяў», - зазначыў Віктар Івашкевіч.

У канцы месяца кіраўніцтва Партыі БНФ правядзе нараду, дзе будзе прынята канчатковае рашэнне аб удзеле або няўдзеле ў «выбарах».

«Мы не аб'яўлялі байкоту выбараў адразу, таму што нашы актывісты жадалі папрацаваць з выбарнікамі, жадалі паспрабаваць свае сілы, прааналізаваць дзеянні рэжыму і пераканацца, што ён не дае правесці нармалёва выбарчую кампанію. Фальсыфікацыі волевыяўлення беларускіх грамадзян - гэта галоўная праблема. Таму ўключэнне дэмакратаў ва ўчасткавыя выбарчыя камісыі, дзе як раз і адбываюцца фальсыфікацыі – вельмі важна. Калі дэмакраты ня будуць уключанымі ва ўчастковыя камісыі, то галасы людзей не будуць залічанымі. І тады выхад на пляц – гэта рэальная альтэрнатыва хадні на выбарчы ўчастак. Голас можа быць пачутым на пляцы», - упэўнены намеснік Партыі БНФ.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках