28 снежня 2024, Субота, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Сочы Мядзведзеў запатрабуе ад Лукашэнкі тлумачэнняў

8
У Сочы Мядзведзеў запатрабуе ад Лукашэнкі тлумачэнняў

Сёння кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў сустрэнуцца ў Сочы. Як паведамляюць расейскія чыноўнікі, падчас сустрэчы кіраўнікі дзяржаваў абмяркуюць пытанні пераходу на рынкавае коштаўтварэнне, падрыхтоўку да саміту СНД, а таксама вайну Расеі з Грузіяй і пазыцыю, якую заняла ў дачыненні да яе Беларусь. Перамовы, як чакаецца, будуць жорсткімі. Сустрэча прэм'ераў не дала тлумачэнняў таму, колькі будзе каштаваць газ у новым годзе.

Пры гэтым, як піша газета «Ведомости», насамрэч Лукашэнка адпачывае ў Сочы ўжо некалькі дзён, рыхтуючыся да сустрэчы з расейскім прэзідэнтам.

«На позве дня перамоваў - працяг працы па фармаванні адзінай эканамічнай прасторы і ўмацаванню эканамічнага падмурку інтэграцыйных звязяў. Прыярытэтнае значэнне ў гэтым пляне надаецца захаванню раней дасягнутых дамоўленасцяў аб паэтапным пераходзе на прынцыпы рынкавага коштаўтварэння ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, уключаючы паліўна-энергетычную сферу», - паведаміла крыніца РИА «Новости» у Крамлі.

«Пытанні, якія абмяркоўваюцца ў гэтым кантэксце, накіраваныя на наданне дадатковага імпульсу паглыбленню інтэграцыйных працэсаў надалей і ажыццяўленню ўзаемавыгадных інвестыцыяў», - зазначыла яна.

У той сама час у інтэрв'ю газеце «Ведомости» прэс-сакратар дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» Паўла Барадзіна Іван Макушок заявіў, што Лукашэнка і Мядзведзеў не абыйдуць увагай сытуацыю ў Паўднёвай Асеціі.

Расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандар Сурыкаў 12 жніўня раскрытыкаваў беларускія ўлады за «сціплае маўчанне» па Паўднёвай Асеціі. Па ягоным словам, Масква чакала гуманітарнай дапамогі і «славеснай падтрымкі». На наступны дзень Лукашэнка выказаў спачуванні пацярпелым, а ўчора ўвечар ва Ўладзікаўказ было дастаўлена 63 т гуманітарнай дапамогі з Беларусі.

13 жніўня беларускі прэм'ер Сяргей Сідорскі на сустрэчы з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным спрабаваў дамагчыся зніжэння кошту на газ у 2009 годзе («Газпром» запланаваў падняць яе да $200 за 1000 куб. м) і доўгатэрміновага крэдыту ў памеры $2 млрд. Але перамовы на эканамічныя тэмы былі перанесенымі на пачатак восені.

Пазыцыя Беларусі з нагоды паўднёваасяцінскага канфлікту прывяла да таго, што Аляксандру Лукашэнку прапанавана спачатку дамовіцца з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым.

Сустрэча кіраўнікоў урадаў «саюзнай дзяржавы» апынулася на рэдкасць халоднай і ўпершыню адбылася без удзелу журналістаў, напісала расейская газета «Камерсант». Замест абмеркавання эканамічных праблемаў Сяргею Сідорскаму прыйшлося тлумачыць пазыцыю Беларусі ў дачыненні да вайны Расеі ў Грузіі.

Тыдзень таму Лукашэнка даў даручэнне МЗС палепшыць стасункі з ЕЗ і ЗША. На гэтым фоне сустрэча Мядзведзева і Лукашэнкі будзе фармальнай і прахалоднай, прагназуюць эксперты. Яны лічаць, што асноўныя эканамічныя пытанні ўвосень абмяркуе з беларускімі калегамі Пуцін.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках