Кіраўнік Рады Еўропы: Лукашэнка ніяк ня можа зразумець, што грамадзяне маюць права пратэставаць супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў
5- 18.08.2008, 18:54
Старшыня Рады Еўропы Тэры Дэвіс прывітаў вызваленне палітвязня Аляксандра Казуліна.
Пры гэтым Тэры Дэвіс падкрэсліў, што не было неабходнасці "адпраўляць Аляксандра Казуліна ў турму на падставе сфабрыкаваных абвінавачванняў".
"Лукашэнка ніяк ня можа зразумець, што ў любой краіне, якая лічыць сябе дэмакратычнай, грамадзяне маюць права пратэставаць супраць сфальсыфікаваных вынікаў выбараў", — заявіў кіраўнік Рады Еўропы.
Вызваленне Казуліна прывітаў таксама дакладнік Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) па Беларусі Андрэа Рыгоні. Як паведамляе прэс-служба ПАРЕ, у сваёй заяве Рыгоні падкрэсліў, што гэта з'яўляецца "важным сведчаннем канструктыўнай і звернутай у прышласць пазыцыі ўрада''.
Былы кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандар Казулін быў арыштаваным за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Дзень Волі 25 сакавіка 2006 году. 13 ліпеня 2006 году Менскі суд прысудзіў Аляксандра Казуліна да 5,5 год турэмнага зняволення.
Вызвалення палітвязня патрабавалі Еўрапейскі Звяз і ЗША. Адмова вызваліць Казуліна і іншых палітвязняў стала адным з чыннікаў для ўводзінаў супраць беларускіх уладаў эканамічных санкцыяў з боку Злучаных Штатаў.