2 лiстапада 2024, Субота, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Распродаж працягваецца: «БэСТ» купілі туркі

15

Турэцкая тэлекамунікацыйная кампанія Turkcell падпісала ў аўторак у Менску дамову аб набыцці 80% акцыяў беларускага ЗАТ "БэСТ".

Як пераказае карэспандэнт агенцтва "Інтэрфакс-Захад", дамова куплі-продажу акцыяў падпісана паміж Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Беларусі як прадаўцом, “Beltel Telekomunikasyon Hizmetleri A.S." у якасці пакупніка і " Turkcell Iletishim Hizmetleri A.S." як гарантам.

Як паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі (адзін з заснавальнікаў беларускага аператара - НДІ Сродкаў Аўтаматызацыі з'яўляецца падведамнай арганізацыяй камітэта - ІФ) Мікалай Азаматаў, "у сукупнасці наша дзяржава атрымлівае за 80% акцый $600 млн". Да таго ж, Turkcell " будзе актыўна і агрэсіўна інвеставаць яшчэ $400 млн у нашую сетку". "Мы лічым, што пагадненне вельмі выгаднае і для Turkcell, і для Беларусі", - падкрэсліў М.Азаматаў.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей назваў гэтае пагадненне "вельмі важнай падзеяй для рынка тэлекамунікацыяў Беларусі". "Я лічу, што ўзмацненне канкурэнцыі на рынку заўсёды на карысць як для самога рынка, так і для спажыўцоў", - зазначыў ён. "З досведам і інвестыцыйнымі рэсурсамі Turkcell "БэСТ" будзе развівацца больш дынамічна", - дадаў М.Панцялей. Ён таксама падкрэсліў, што "прычынай гэтага пагаднення не сталі нейкія праблемы з развіццём БэСТ".

Міністр зазначыў, што "рынак амаль падзелены, але рэсурс памерам недзе з 1 млн абанентаў яшчэ ёсць". М.Панцялей бачыць перспектыву развіцця рынка сувязі ва ўкараненні ў Беларусі тэхналогій мабільнай сувязі трэцяй, а ў будучыні і чацвёртай генерацыі. "Я думаю, што надалей барацьба пойдзе не за адцягненне абанентаў ад адной кампаніі да іншай, а за кошт нарошчвання аб'ёмаў паслуг, з выкарыстаннем новых тэхналогій і новых сэрвісаў", - зазначыў ён.

У сваю чаргу, генеральны дырэктар турэцкай кампаніі Махмэт Сюрая Джыліў заявіў, што "мы прыйшлі як добрыя партнёры, мы хацелі б супрацоўнічаць, каб рабіць з БэСТ адну з найлепшых кампаніяў свету ". "Мы лічым, што Беларусь мае даволі высокі патэнцыял як у эканоміцы, так і ў тэхналогіях. Мы з вялікай прыемнасцю гатовы супрацоўнічаць з Беларуссю, і лічым, што падпісанне сённяшняй дамовы стане яшчэ адным крокам да найплённай супрацы паміж Беларуссю і Турцыяй", зазначыў ён.

Як паінфармавалі ў кампаніі Turkcell, ажыццяўленне пагаднення залежыць ад выканання ўмоваў, пазначаных у дамове аб набыцці. Доля будзе набытая ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці Беларусі (заснавальнікі кампаніі бязвыплатна перадалі яму права кіравання акцыямі - ІФ) за $500 млн. Аплата будзе здзейснена ў 3 этапы: $300 млн будзе ўнесена ў дзень завяршэння, меркаваны па сканчэнні 30 дзён з дня падпісання, і дадатковыя плацяжы па $100 млн, здзейсненыя адпаведна 31 снежня 2009 і 2010 гадоў. Дадатковы плацёж памерам у $100 млн будзе ўнесены пасля атрымання гадавога станоўчага прыбытку кампаніяй "БэСТ".

GSM-аператар ЗАТ "Беларуская сетка тэлекамунікацыяў" (ЗАТ БэСТ") зарэгістраваны 5 лістапада 2004 года. Раней заснавальнікамі прадпрыемства выступілі НІРУП "НДІ Сродкаў Аўтаматызацыі" і РУП "Белтэлекам" з долямі ў статутным фондзе 75% і 25% адпаведна. 24 сакавіка 2005 года ЗАТ "БэСТ" атрымала ліцэнзію на права дзейнасці ў вобласці сувязі з ажыццяўленнем паслуг сувязі з выкарыстаннем тэхналогіі GSМ.

Па стане на пачатак ліпеня абаненцкая база кампаніі складае 186,7 тыс. карыстальнікаў. Сувязь БэСТ дасяжная на 26,3% тэрыторыі рэспублікі, або для 68,6% насельніцтва краіны, сувязь забяспечваюць 438 базавых станцый.

На пачатку 2008 года за невыкананне арэнднай платы мясцовыя органы ўлады мусілі адключыць базавыя станцыі кампаніі. Пасля пагашэння пазыкі базавыя станцыі былі зноў падлучаныя. У 2007 годзе ЗАТ "БэСТ" выканала план па аказанні насельніцтву платных паслуг толькі на 13% ад гадавога задання, за што зведала жорсткую крытыку з боку Мінсувязі. У 2006 годзе аператар атрымаў кітайскі крэдыт для стварэння інфраструктуры памерам у $234 млн. Яго вяртанне пачнецца ў 2009 годзе і падоўжыцца па 2014 год.

Turkcell з'яўляецца галоўным GSM аператарам Турцыі, налічае 35 млн абанентаў і займае 57% рынка. Кампанія мае долю ў GSM аператарах Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Паўночнага Кіпра, Украіны.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках