28 снежня 2024, Субота, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чавеса сустракаў у Менску адстаўны Шэйман

18
Чавеса сустракаў у Менску адстаўны Шэйман

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес прыляцеў з аднадзённым працоўным візітам у Беларусь. Сустракаў венесуэльскага прэзідэнта былы сакратар Савета бяспекі Беларусі Віктар Шэйман, адпраўлены ў адстаўку пасля выбуху 4 ліпеня ў Менску.

Паказальна, што цяпер Шэйман ніякай пасады не займае. Сярод тых, хто сустракаў Чавеса ў Нацыянальным аэрапарту, былі і віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка і намеснік кіраўніка МЗС Віктар Гайсёнак, паведамляе газета "Наша Ніва".

Сёння запланавана сустрэча Уга Чавеса з Аляксандрам Лукашэнкам.

"Плануецца, што прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы правядуць перамовы ў вузкім і пашыраным складах, па сканчэнні якіх будзе падпісаны шэраг дамоваў аб супрацы дзвюх краінаў", - паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.

Паводле інфармацыі агенцтва ІТАР-ТАСС з дыпламатычных крыніцаў, на перамовах кіраўнікоў дзвюх краінаў асаблівую ўвагу мяркуецца надаць узаемадзеянню ў паліўна-энергетычным, фінансавым абсягах, стварэнню сумесных прадпрыемстваў. Не выключана таксама, што будуць закранутыя пытанні вайскова-тэхнічнай супрацы.

На думку незалежных СМІ, для візіту Чавеса ў Беларусь ёсць некалькі прычынаў. Як адзначае АФН, адна з іх - удакладніць, як рухаюцца справы па венесуэльскім комплексе ПРА, стварыць які ўзялася Беларусь. Ёсць яшчэ адна далікатная тэма, якую варта абмеркаваць сябрам з Менска і Каракаса - Рэвалюцыйныя вайсковыя сілы Калумбіі (FARC), якія, як сцвярджае сусветная прэса, падтрымлівае Чавес не без дапамогі Менска. Нагадаем, інфармацыя пра продаж беларускай зброі калумбійскай групоўцы "Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі" (FARC), прызнанай міжнароднай супольнасцю тэрарыстычнай арганізацыяй, была пашырана ўплывовай іспанскай газетай "Эль Паіс" і тэлеканалам "Еўраньюз" са спасылкай на экспертаў Інтэрпола.

Паводле сцвярджэння "Эль-Паіс", экс-дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Віктар Шэйман "быў адным з тых, хто прасоваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу на суму ў 720 млн.еўра, падпісаныя летась".

Акрамя сустрэчы з Лукашэнкам у Чавеса на сёння запланаваныя візіты ў Нацыянальную бібліятэку і адзін з менскіх сквераў, названы некалькі дзён таму ў гонар дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху Паўднёвай Амерыкі Сымона Балівара.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі'97, у сувязі з прыездам Чавеса сярод жыхароў дамоў па вуліцах Захарава і Першамайская, дзе размешчаны парк, былі распаўсюджаны абвесткі з патрабаваннем "23 ліпеня 2008 года ад 12.00 па 13.00 зачыніць усе вокны, фортачкі, гаўбцы".

З-за візіту Уга Чавеса беларускім аўтамабілістам лепш пазбягаць цэнтра горада. Ад 10.30 да 16.30 будзе абмежаваны рух па Менскай кольнай аўтадарозе, праспекту Пераможцаў, праспекту Незалежнасці і вуліцы Леніна. Ад 12.00 да 13.45 цалкам зачынены рух па вуліцы Захарава (ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Смаленскай) і па вуліцы Першамайскай (ад вуліцы Купалы да вуліцы Чапаева).

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках