27 снежня 2024, Пятніца, 14:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вы з'яўляецеся сябрам незарэгістраванай радыкальнай арганізацыі «Джынс»?»

9

Гэта было першае пытанне, з якім міліцыянты звярнуліся да актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паўла Кур'яновіча падчас ператруса. Учора актывіст выйшаў на волю з СІЗА КДБ.

Павел Кур'яновіч правёў у следчым ізалятары КДБ больш за двое сутак. Яго затрымалі 10 ліпеня пасля таго, як у інтэрнаце, дзе ён пражывае з маці і сястрой, быў праведзены ператрус. Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што моладзевы актывіст з'яўляецца падазраваным па справе аб выбуху, што прагрымеў 3 ліпеня падчас святкавання афіцыйнага Дня незалежнасці.

«Але ў самым пачатку, убачыўшы на сцяне плакат з надпісам «Джынс – за Свабоду!», супрацоўнік міліцыі ў мяне спытаў: «Вы з'яўляецеся сябрам незарэгістраванай моладзевай радыкальнай арганізацыі «Джынс»? Пасля ператруса мяне адвезлі ў КДБ, дзе дапыталі. Там таксама задавалі пытанні аб дачыненні да дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі. Але казаць падрабязнасці не магу – я падпісаў дакумент аб нераспаўсюджанні дадзеных следства. Падчас допыту я сябе адчуваў спакойна – я ведаў, што ні ў чым не вінаваты. У мяне было алібі – падчас выбуху я сустракаўся з сябрамі і быў у аднаго з іх на кватэры. Мяне проста здзівіла: чаму затрыманы менавіта я? Маё алібі праверылі на працягу двух дзён, дапыталі маіх сяброў і мяне вызвалілі», -- распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Павел Кур'яновіч.

У камеры СІЗА КДБ Павел Кур'яновіч сядзеў адзін. Іншых затрыманых па справе аб выбуху ён не бачыў.

«Відавочна, што ўлады пачалі ціск на дэмакратычныя сілы. Гэта чарговы віток рэпрэсіяў. Выбух сёння выкарыстоўваецца толькі як падстава. Нездарма жа міліцыянтаў цікавіла, у першую чаргу, мая палітычная дзейнасць. Напэўна, гэта звязана і з маючымі адбыцца “парламенцкімі выбарамі”, і з тым, што апазіцыя мае намер байкатаваць іх», -- адзначыў Павел Кур'яновіч.

Нагадаем, што нібыта па падазрэнні ў арганізацыі выбуху ў Менску былі арыштаваныя больш за 10 актывістаў апазіцыі. У асноўным – сябры незарэгістраваных апазіцыйных арганізацыяў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках