29 снежня 2024, Нядзеля, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ пра FARC, Віктара Бута і беларускую зброю

13

Расейскі сайт NEWSru.com піша пра тое, што Венесуэла збіралася пастаўляць беларускую зброю для паўстанцаў з Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі (FARC), а таксама шукае сляды "зброевага барона" Віктара Бута ў Беларусі.

Пра гэта інтэрнэт-выданне піша са спасылкай на артыкул у іспанскай газеце El Pais. Са спасылкай на свае крыніцы ў калумбійскім урадзе выданне паведамляе пра ліст, знойдзены ў кампутары аднаго з лідэраў баявікоў Рауля Рэеса, які быў забіты 1 сакавіка ў выніку спецаперацыі калумбійскага войска.

Электронны ліст датаваны восьмым лютага і падпісаны адным з чальцоў сакратарыята FARC Іванам Маркесам, які паведамляе, што Уга Чавэс "разгледзеў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак узбраення".

"Наш беларускі сябар працягвае працу над пакетам аб шляхах да чорнага рынку, каб вырашыць праблемы, - цытуе газета выцемкі з ліста. - 17 дня гэтага месяца (лютага) Каракас наведае дэлегацыя высокіх прадстаўнікоў ад гэтага сябра, каб удакладніць спіс. Анёл прасіў, каб мы былі тут і асабіста дамовіліся з дэлегацыяй".

Па звестках El Pais, "Анёл" - гэта псеўданім Уга Чавэса. "А сябар - гэта Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі, чалавек, вельмі набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Шэйман быў адным з тых, хто прасоўваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу на суму ў 720 млн. еўра, што былі падпісаны летась", - сцвярджае газета.

Варта адзначыць, што 15-19 лютага адбыўся афіцыйны візіт у Венесуэлу беларускай дэлегацыі на чале з Шэйманам. Падчас візіту былі дасягнуты дамовы аб прынцыпах фінансавання праектаў будаўніцтва ў Венесуэле заводаў з удзелам МАЗа, БелАЗа і МТЗ, пра пачатак рэалізацыі праектаў будаўніцтва пяці тысяч кватэраў і рэканструкцыі ў Каракасе раёна Мірафлорэс, пра стварэнне сумеснага прадпрыемства па свідраванні і рамонце нафтавых свідравін.

У дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі Беларусі інфармацыю El Pais пакуль не каментуюць.

Сляды Віктара Бута знайшлі ў Беларусі: ён паспеў пагандляваць і яе зброяй, а таксама сустракаўся з Лукашэнкам

Прадпрымальнік Віктар Бут, вядомы пад мянушкай "зброевы барон", які быў арыштаваны нядаўна ў Тайландзе, меў свае інтарэсы яшчэ і ў Беларусі. Як піша NEWSru.com, Бут пэўны час быў вельмі шчыльна звязаны з Беларуссю.

Так, у перыяд з 1996 па 2004 гады Віктар Бут прыязджаў у Менск прынамсі 4 разы. У беларускай сталіцы ён, як правіла, сустракаўся з дырэктарам замежнагандлёвай арганізацыі "Белтэхэкспарт" Уладзімірам Пяфтыевым, дзяржсакратаром Савета бяспекі Віктарам Шэйманам, якія непасрэдна курыравалі сферу гандлю зброяй, і былым прэм'ер-міністрам Уладзімірам Ярмошыным.

Журналісты мяркуюць, што ў 1999 годзе Віктар Бут сустракаўся і з Аляксандрам Лукашэнкам, калі расейскі бізнэсмэн прыязджаў у Менск у складзе прамысловай дэлегацыі Расейскай Федэрацыі.

Па словах асобных экспертаў, праз пэўны час пасля візітаў прыкметна актывізаваліся ўзлёты-пасадкі грузавых самалётаў з аэрадрома ў Мачулішчах, адкуль у рэжыме жорсткай сакрэтнасці выпраўлялася беларуская зброя на продаж за мяжу.

Наменклатура экспартаванага з Беларусі тавара была разнастайнай: сістэмы залпавага агню "Град" і "Ураган", кіроўныя і некіроўныя ракеты класу "зямля-зямля" і "зямля-паветра", артылерыйскія сістэмы ўзбраення і мінамёты "Васілёк", аўтаматычныя гранатамёты АГС-17 "Полымя", комплексы СПА З-125 і З-200, боепрыпасы, вайсковая амуніцыя.

Аднак з 2005 года дзелавыя адносіны паміж Бутам і яго беларускімі партнёрамі з невядомых прычын моцна пахаладнелі. Па адной з версій, беларускі бок аднойчы не здзейсніў стоадсоткавы плацёж за чарговую партыю выкананых авіякампаніяй Бута авіяперавозак. Таму ён паставіў за ўмову канчаткова разлічыцца і далей працаваць толькі праз перадаплату, што катэгарычна не задаволіла беларускіх гандляроў.

Нагадаем, Віктар Бут лічыцца найбуйным пастаўніком зброі і тавараў падвойнага прызначэння ў рэгіёны, дзе праходзілі міжэтнічныя канфлікты і грамадзянскія войны.

Адміністрацыя ЗША у 2006 годзе ўвяла санкцыі адносна Бута, а яшчэ ў 2005 годзе Штаты замарозілі актывы і перадалі ў камітэт ААН па санкцыях інфармацыю пра 30 фірмаў, звязаных з бізнэсмэнам. Мінфін ЗША заявіў, што Бут валодае сеткай авіятранспартных прадпрыемстваў, якія базуюцца ў розных краінах на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Усходняй Еўропе і ЗША.

Сам Бут катэгарычна аспрэчвае абвінавачанні, датычныя незаконнага гандлю зброяй.

Бут звязаны з Беларуссю яшчэ і месцам службы. Але далёка не толькі

Як мяркуе NEWSru.com , арышт Бута можа выклікаць спалох у беларускіх вярхах. З краінай прадпрымальніка можа звязваць надта шмат, і далёка не толькі вайсковая служба.

Пасля сканчэння вайсковага інстытута замежных моваў у Маскве Бут быў скіраваны ў Віцебск - перакладнікам у элітны 339-ы полк вайскова-транспартнай авіяцыі, дзе і праслужыў да 1991 года. Пасля распаду СССР полк быў расфармаваны, але пазней Бут з’явіўся ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, маючы авіятранспартную кампанію, укамплектаваную ў тым ліку і транспартнымі ІЛ-76, якія лічыліся ў свой час за 339 палком.

Праз Бута атрымлівалі кантракты на працу ў гарачых пунктах авіякампаніі Беларусі і Расеі (у прыватнасці Белавіа і Гомельавіа). Некалькі самалётаў не вярнуліся з рэйсаў, а іх экіпажы лічацца зніклымі "без весткі".

Але Бут не толькі даваў працу транспартнікам, але і, магчыма, распрацоўваў схемы паставак зброі. Па звестках беларускіх журналістаў, менавіта Бут дапамог маладому ўраду Лукашэнкі наладзіць экспарт зброі ў вельмі "цікавыя" краіны і яе пастаўку вельмі "цікавым" пастаўнікам. Пра адну з такіх схемаў у свой час згадаў амбасадар афганскага ўрада ў выгнанні ў ААН. Па ягоных словах, менавіта па схеме Бута з ААЭ у Кандагар дастаўляецца хімічная зброя - "цыяніды і іншыя таксічныя рэчывы", закупленыя ў Нямеччыне, Чэхіі і Беларусі.

"Талібам гэтыя хімікаліі не патрэбны, - сцвярджаў амбасадар. - Атрымальнік гэтага грузу - бэн Ладэн і яго людзі".

Той факт, што "Аль-Каіда" эксперыментавала з нярвова-паралітычнымі газамі і іншымі атрутнымі рэчывамі, сёння пацверджаны дакументальна дзякуючы відэазапісу, здабытым тэлекампаніяй CNN, на якім зафіксавана сцэна забойства газамі сабакі.

Крыніцы ў блізкіх да Мінабароны Беларусі колах сцвярджаюць, што і сёння Беларусь гандлюе зброяй па схемах, распрацаваным Бутам.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках