Міністр сувязі абвяргае продаж БеCT
4- 23.04.2008, 8:35
Беларускія аператары сотавай сувязі стабільна працуюць ва ўмовах дзейных ліцэнзій і не маюць патрэбы ў прыцягненні іншых інвестыцый, заявіў "Інтэрфаксу" міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей.
"Беларускі дзяржаператар "БеСТ" працуе стабільна і выконвае ўсе палажэнні аб ліцэнзіі. Пад той аб'ём рынка, які яны плануюць ахапіць, іншы інвестар не патрэбны", - сказаў М.Панцялей у адказ на пытанне агенцтва пра перспектывы магчымага продажу пакета акцыяў кампаніі турэцкаму аператару Turkcell.
Як паведамлялася раней, Рада дырэктараў турэцкай тэлекамунікацыйнай кампаніі Turkcell вырашыла набыць кантрольны пакет акцыяў беларускага аператара мабільнай сувязі ЗАТ "БеСТ".
У змешчаным на афіцыйным сайце Turkcell паведамленні вядзецца, што 10 красавіка 2008 года сход Рады дырэктараў кампаніі "прыняў рашэнне аб вывучэнні інвестыцыйных магчымасцяў у Беларусі і вырашыў звярнуцца наўпрост ці праз адно са сваіх прадстаўніцтваў да акцыянераў ЗАТ "БеСТ", якое ажыццяўляе сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, з мэтай набыцця кантрольнага пакета акцыяў беларускай кампаніі".
Дзяржаўны GSM-аператар ЗАТ "Беларуская сетка тэлекамунікацый" (ЗАТ "БеСТ") зарэгістраваны 5 лістапада 2004 года.
Заснавальнікамі выступілі НІРУП "НДІ сродкаў аўтаматызацыі" і РУП "Белтэлекам" з долямі ў статутным капітале 75% і 25% адпаведна.
ЗАТ "БеСТ" 24 сакавіка 2005 года атрымала ліцэнзію на права ажыццяўлення дзейнасці ў вобласці сувязі з аказаннем паслуг сувязі з выкарыстаннем тэхналогіі GSM. Камерцыйная эксплуатацыя сеткі ЗАТ "БеСТ" пачалася 21 снежня 2005 года. Колькасць абанентаў "БеСТ" складае 184,6 тыс. карыстальнікаў.
Паказнік ахопу тэрыторыі краіны паслугамі сотавай рухомай сувязі аператара складае 24%, насельніцтва рэспублікі - 61%. Сувязь БеСТ забяспечваюць 350 базавых станцый.
У пачатку 2008 года за нявыплату арэнды мясцовыя органы ўлады мусілі адключыць базавыя станцыі кампаніі. Пасля пагашэння запазычанасці базавыя станцыі былі зноў падлучаны. У 2007 годзе ЗАТ "БеСТ" выканала план па аказанні насельніцтву платных паслуг толькі на 13% ад гадавога задання, за што трапіла пад жорсткую крытыку з боку Мінсувязі.