26 снежня 2024, Чацвер, 20:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для непакорлівых ІП паднялі падаткі

6

Апошнім часам у розных рэгіёнах Беларусі пачалося павелічэнне стаўкі падаткаў для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Напрыклад, Магілёўскі абласны савет дэпутатаў прыняў рашэнне павялічыць стаўку адзінага падатку для ІП у сярэднім на 30 працэнтаў, у Менску для іпэшнікаў на 10 еўра падвышаецца фіксаваны падатак для працуючых на рынках сталіцы прадстаўнікоў малога бізнэсу. З чым гэта звязанае і якія могуць быць наступствы такога падвышэння, разважаюць эксперты «Завтра твоей страны».

– У Беларусі ёсць такая дзіўная звычка «пераводзіць стрэлкі» на прадпрымальнікаў, і мне падаецца, што з прадпрымальнікамі ўжо перайгралі, – гаворыць кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. – Столькі ўвагі ў дачыненні невялікай групы (хай іх нават больш за сотню тысяч) людзей, якія самі сабе зарабляюць на хлеб і ваду, – цалкам дурная задума.

Па словах эканаміста, у краіне ёсць 117 валаўтваральных прадпрыемстваў, і сярод іх ёсць адно малое прадпрыемства, якое займаецца продажам нафтапрадуктаў, і яно ідзе на першым месцы сярод усіх плацельшчыкаў падаткаў.

– Гэтае малое прадпрыемства, дзе працуюць усяго чалавек дванаццаць і стаіць адзін стол, дае падаткаў больш, чым усе беларускія прадпрымальнікі, таму ўсё, што робіцца ў гэтай сферы, – гэтае жаданне палітызаваць сітуацыю ў эканамічнай сферы, – адзначае Леанід Заіка. – Трэба расчысціць прастору для буйнога бізнэсу і для гэтага «закатаць у асфальт» прадпрымальніцтва. Гэта вялізная памылка і Лукашэнкі, і ўсёй яго каманды.

Тым самым, лічыць эксперт «Завтра твоей страны», кіраўніцтва краіны настройвае супраць сябе тых, хто з'яўляецца асновай эканамічнага ладу любой краіны, – гэта дзелавая эліта, здольныя людзі, якія хочуць займацца вытворчасцю ў Беларусі.

– А у выніку ўсіх гэтых практыкаванняў адзін мільён беларусаў ужо не хоча жыць і працаваць у сваёй краіне, а працуе за мяжой, – сцвярджае аналітык.

– Калі казаць пра гарманізацыю падатковай нагрузкі, то ў лепшай сітуацыі яе неабходна гарманізаваць па нейкім мінімальным значэнні, каб стварыць спрыяльны дзелавы клімат, таму што падаткі з'яўляюцца яго найважнейшым кампанентам, – мяркуе кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук. – У Беларусі ж усіх вырашылі падцягнуць пад верхнюю шкалу, каб усе затыхаліся і каб самых слабых, самых маленькіх проста знішчыць – прымусіць сысці з рынку, з'ехаць з краіны.

На яго думку, тое, што пасля 760-га ўказу аб забароне выкарыстання наёмнай працы, акрамя працы блізкіх сваякоў, пасля таго, як індывідуальным прадпрымальнікам прапанавалі перайсці ў ПУПы, тое, што з 1 студзеня ПДВ усімі будзе плаціцца па аднолькавай схеме, а таксама падвышэнне ставак адзінага падатку – гэта, безумоўна, знішчэнне класа індывідуальных прадпрымальнікаў як класа, якім мы сёння яго ведаем, і гэта прывядзе да ліквідацыі 30-40 тысяч прадпрымальнікаў, працоўных месцаў.

Гэта, мяркуе эканаміст, прывядзе да росту цэн у рознічным гандлі, што ў першую чаргу адаб'ецца на спажыўцах.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках